«З дзесяці патэнцыйных турыстаў у Белавежскую пушчу даязджае толькі адзін»


Арганізатар «бязвізавых тураў» у Белавежскую пушчу распавёў пра складанасці, з якімі сутыкаюцца замежныя турысты.

З 12 чэрвеня мінулага года замежнікі могуць да 3-х дзён без візаў знаходзіцца ў Белавежскай пушчы. Летась такой магчымасцю скарысталіся больш за 2 тыс. замежнікаў, паведаміла нядаўна кіраўнік турыстычнага аддзелу нацпарку Аксана Багалейша. Ці шмат гэта?

«2 тыс. гэта добра, і здорава, што гэтыя людзі наведалі Белавежскую пушчу. Але я думаю, што, канешне, гэта нязначны вынік і патэнцыял нашмат большы, чым 2 тыс. прыкладна за паўгода. Пачатак пакладзены, пытанне, што зрабіць для павелічэння гэтых лічбаў», – мяркуе Грыгорый Памяранцаў, які другую палову мінулага года ўзначальваў Нацыянальнае агенцтва па развіцці турызму.

У каментары Belsat.eu Аксана Багалейша распавядае, што прыязджаюць у асноўным палякі, але таксама і літоўцы, латвійцы, немцы, італьянцы і іспанцы. Яны пакідаюць нядрэнныя водгукі, кажа кіраўнік турыстычнага аддзелу нацпарку «Белавежская пушча»:

«Стараемся прымаць такіх турыстаў, забяспечваем іх усімі паслугамі, якія можам прапанаваць. Гэта і экскурсіі, паслугі, транспарту, харчаванне, пражыванне. Шмат хто з задавальненнем вяртаецца зноў».

Часам гасцям не хапае забаваў. Пра гэта, напрыклад, напісаў у сваім блогу паляк Кшыштоф Матыс, які наведаў беларускую частку пушчы адразу пасля «візавай лібералізацыі».

«Напэўна, самым цікавым зʼяўляецца сама магчымасць уезду ў Беларусь», – піша блогер.

Але нават пры гэтым замежнікі, сапраўды, застаюцца задаволеныя – прынамсі пра гэта сведчаць водгукі на буйным сайце для падарожнікаў Tripadvisor.

Прыязджаюць у Белавежскую пушчу без пашпартоў

Гатэль «Белавежскі», што знаходзіцца побач з мяжой у Польшчы, ладзіць туры для жадаючых наведаць беларускі бок пушчы. За 125 злотых (каля $ 32) вам падрыхтуюць усе неабходныя для паездкі дакументы і давязуць да мяжы. Усё тое ж самае, плюс гід пры замаўленні групавой экскурсіі абыдзецца ў 230 злотых (амаль $ 60).

«Найбольшая праблема ў павелічэнні колькасці турыстаў з Польшчы, якія карыстаюцца бязвізавым рэжымам, – неабходнасць мець пашпарт. Вельмі рэдка грамадзяне Польшчы едуць у Белавежу з пашпартам, яны прыязджаюць з пасведчаннем асобы (замяняе пашпарт унутры краіны – заўв.). Без пашпарту не могуць так спантанна паехаць на гэтую «бязвізавую тэрыторыю». І гэта прычыніцца да таго, што з дзесяці патэнцыйных турыстаў едзе адзін», – кажа прадстаўнік гатэлю.

Тыя, хто даязджаюць у беларускі нацыянальны парк, вяртаюцца ўражаныя паездкай, «прыемнасцю людзей і агульным парадкам», адзначае супрацоўнік «Белавежскага».

Ці стане Белавежская пушча «вакном у Беларусь»

Ці можна пайсці далей і ахапіць бязвізавым уездам усю Беларусь, а не толькі Белавежскую пушчу? Грыгорый Памяранцаў спасылаецца на расейскі досвед, дзе дазволілі турыстам з круізных лайнераў цягам трох дзён наведваць буйныя партовыя гарады. Віза для гэтага непатрэбная. На думку Памяранцава, тое ж самае можна зрабіць і з аэрапортам Менску:

«Напрыклад, калі немцы ляцяць з Нямеччыны ў Расею, то здавалася б лагічным такім турыстам пры палёце рэйсам «Белавіі» з перасадкай у Менску даць магчымасць на тры дні наведаць горад. Ідэя зразумелая, яна на паверхні. Чаму гэтае пытанне не вырашаецца, я не магу каментаваць, гэта павінны рабіць іншыя органы».

У краіне разумеюць, што для працягнення турыстаў неабходна спрасціць візавы рэжым, кажа Грыгорый Памяранцаў. Але не ўпэўнены, ці мог на гэта сам паўплываць у часы кіравання Нацыянальным агенцтва па развіцці турызму, і ці можа паўплываць на гэта нават Міністэрства спорту і турызму.

Тым часам «адкрыццё» Белавежскай пушчы натхніла ўлады іншага польскага гораду – Аўгустава. У канцы мінулага года ягоны мэр запрапанаваў адмяніць візы для жадаючых наведаць Аўгустаўскі канал. Гэта, як ён лічыць, «ажывіць рэгіён».

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

здымкі маюць ілюстратыўны характар, на іх прадстаўленыя зубры з Магілёўскага заасаду

Глядзі таксама
Каментары