«Ён быў яшчэ жывы, сэрца білася». Хатняга ўлюбёнца пасярод дня застрэлілі і кінулі ў сметнік


Фота з архіву Аляксандра, гледача з Зэльвы.

У сабаку проста ў двары страляюць дроцікам з атрутай. Потым кідаюць у кантэйнер для смецця – паміраць. Гэткае дзікунства – беларускія рэаліі. Глядач «Белсату» Аляксандр з Зэльвы падзяліўся з намі гісторыяй, што шакавала ягоную сямʼю.

Як забівалі Маркуса

Маркус, сабака гледача Аляксандра з Зельвы.

Сабака Маркус памёр на руках у свайго гаспадара. Былі сведкі адстрэлу. Паўжывога хатняга джэк-рассэла гаспадары забралі са смеццевага кантэйнера.

«Ён быў яшчэ жывы, сэрца білася, але ён не дыхаў. Я хутка павёз яго ў лякарню. Ветэрынар зрабіў укол, але гэта ўжо не дапамагло, бо надта вялікая была доза атруты, мы згубілі шмат часу. 30 хвілін я прасіў яго дыхаць, але лекар сказаў не мучыць, бо ў яго адміралі ўжо клеткі мазгоў і ён застаўся б непаўнавартасным, калі б і выжыў», – распавядае Аляксандр.

Гэта было пазней. А сведкам дзікунства стаўся сусед Аляксандра. Ён бачыў, як працаўнік ЖКГ страляў у сабаку.

«Сабака выбег з дому, бачна ж, што хатні. У яго ўсе прышчэпкі ёсць, радаслоўная. У нас вяліся работы, рамонт і ён выбег. Стрэліў нейкі паўцвярозы дворнік, пасярод белага дня», – піша ў лісце ў рэдакцыю Аляксандр.

Абураны гаспадар звярнуўся ў міліцыю. Там яму сказалі, што ён сам вінаваты, што сабака адзін гуляе. Нягледзячы на парушэнні правілаў адстрэлу з боку ЖКГ, участковы інспектар не захацеў разбірацца ў сітуацыі.

«Сказаў, што патэлефануе мне пазней па маім пытанні. Дагэтуль тэлефануе», – кажа Аляксандр. Выдаткі на юрыстаў, каб займацца гэтай справай, занадта высокія для заробку жыхара раённага цэнтру. «Там кожная паперка каштуе 10 рублёў. Я не маю фінансавай магчымасці гэтым займацца».

Зэльвенскі ЖКГ пакінуў гэтае здарэнне без каментару.

Чалавек са стрэльбай заўсёды мае рацыю?

Падобная сітуацыя – не адзінкавая. У лютым Belsat.eu пісаў пра аналагічную сітуацыю ў Лунінцы. Там таксама проста на вуліцы адстрэльвалі сабак. Няшчасныя жывёліны не паміралі адразу, а некаторы час хадзілі па вуліцы, потым дворнікі кідалі іх у смеццевыя кантэйнеры.

Мы звязаліся з юрыстамі, каб высветліць, ці ёсць у такіх выпадках факт парушэння закону.

Сабака лічыцца безнаглядным, калі ён гуляе адзін без павадка і без гаспадара побач. У гэтым выпадку, па заканадаўстве нашай краіны, яго могуць адлавіць і павезці ў пункт часовага ўтрымання. Такім чынам, у гаспадара застаецца шанец знайсці сабаку і забраць яго, сплаціўшы штраф за парушэнне правіл нагляду за хатнімі жывёламі. Адстрэл прадугледжваецца толькі ў выключных выпадках – калі сабака небяспечны або агрэсіўны.

«На практыцы ж, адстрэльваюць у нас паўсюль, дзе ў бюджэце няма сродкаў на арганізацыю пунктаў часовага ўтрымання жывёлаў», – гаворыць Наста Жаўрыд, дырэктарка Цэнтру аховы жывёлаў «Анімалекс».

Адстрэл павінен праводзіцца ноччу, калі на вуліцы найменш людзей. Тым больш, застрэленага сабаку нельга выкідаць у кантэйнер для смецця, як адбылося з сабакам Аляксандра.

На сметніку мёртвую жывёлу могуць пабачыць дзеці, не кажучы ўжо пра санітарныя нормы.

«Гэта грубейшае парушэнне заканадаўства. Іх павінны вывозіць на скотамагільнікі і на гэта, хутчэй за ўсё, у бюджэце павінны быць сродкі», – кажа Наста Жаўрыд.

У цэнтры па ахове жывёлаў «Анімалекс» раяць усё ж напісаць запыт да камунальных службаў, каб высветліць хто і на якой падставе займаўся адстрэлам пасярод белага дня, а затым проста выкінуў сабаку на сметнік. Пасля, на гэтай падставе падаць іск аб кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды.

Вераніка Чыгір, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары