«Яшчэ адзін камбайнер у прэзідэнты лезе!». Верш і анекдоты, якія ўдалося пачуць на пікетах у Лідзе


Журналіст belsat.eu 10 дзён хадзіў на пікеты ў падтрыманне Сяргея Калякіна і Анатоля Лябедзькі ў Лідзе ды высветліў, якія настроі пануюць сярод гараджанаў.

У раённых цэнтрах актывістаў не так шмат: на стотысячную Ліду знайшлося толькі некалькі чалавек, якія актыўна пікетуюць за Калякіна і Лябедзьку. І тое найчасцей гэтыя пікеты сумесныя ды праводзяцца адразу за двух прэтэндэнтаў. За чатыры гадзіны пікетавання ў ажыўленых месцах гораду за кожнага з прэтэндэнтаў удавалася сабраць ад 10- ці да 20-ці подпісаў.

«Хачу, каб Парашэнка і Цімашэнка віселі. Але не на стэндах, а проста так»

– Ці вы ведаеце гэтых мужчын? – паказваю на партрэты Лябедзькі і Калякіна, звяртаючыся да жанчыны каля 50-ці гадоў, якая на імгненне затрымалася каля пікету.
– Першы раз бачу. За Аляксандра Рыгоравіча подпіс ужо паставіла, люблю яго. За тое што ціха, мірна і спакойна. Работы хапае, трэба толькі ўмець працаваць.
– А да кандыдатаў-жанчынаў як ставіцеся? – не адпускаю я жыхарку Ліды.
– Адмоўна. Жанчыны – яны ўсё нейкія зайздросныя і жорсткія. З мужчынамі лягчэй у любым калектыве працаваць.

Падышоў да мяне і ўжо пасівелы мужчына і папрасіў уключыць дыктафон, пажадаўшы распавесці анекдот:

– Звяры ў лесе вырашылі пабудаваць мост праз раку. У адміністрацыю паслалі мядзведзя – не далі будматэрыялаў. Паслалі лісу – таксама безвынікова. Перабралі ўсіх звяроў, схадзілі ўсе – ніхто не атрымаў. Пайшоў асёл. Вяртаецца, кажа, маўляў, будзе ў нас мост, далі будматэрыялаў. Пабудавалі мост. Звяры пытаюцца: «Асёл, а як табе атрымалася дамовіцца?». А ён адказвае: «Ды вось, заходжу ў адміністрацыю, гляджу – а там усе свае!» А наагул, у Лябедзькі і Калякіна хацелася б спытаць, што яны могуць зрабіць лепш, чым ужо ёсць?

[vc_single_image image=”368419″ img_size=”large”]

– Вы кажаце, што Калякін падобны да Парашэнкі. Вы б хацелі, каб тут, на стэндзе, замест Лябедзькі ці Калякіна, або побач з імі вісеў фотаздымак Парашэнкі? – пытаюся пад смех пікетчыка.
– Не, я б, у прынцыпе, хацеў, каб ён проста вісеў. І Цімашэнка побач з ім матлялася, – з цалкам міралюбнай усмешкай адказаў мужчына, пасля чаго сышоў на возера, з яго слоў, карміць качак. Відаць, чалавек, нагледзеўся расейскай прапаганды.

– Унучка вучобу скончыла, цяпер эканаміст. Працы ў Лідзе няма. Сабраліся яны з нейкімі дзеўкамі ды ў Маскву паехалі, некалькі дзён ужо як, пакуль ні слыху, ні духу. На чорта мне трэба за Лукашэнку падпісвацца? А за каго падпісвацца – не ведаю. Але буду за апазіцыю, можа яны нешта зробяць. Даўным-даўно я была за Пазняка, потым і за Лукашэнку была, але расчаравалася, – не па надвор’і цёпла апранутая бабуля паскардзілася на жыццё, са скрухай уздыхнула і павольна пайшла далей.

«Я адключыў тэлебачанне ў сябе дома»

 

[vc_single_image image=”368421″ img_size=”large”]

Мітуслівая жанчына з авоськамі, нават не спыніўшыся каля стэндаў, але паспеўшы акінуць поўным недаверу і пагарды позіркам і фатаграфіі, і пікетоўцаў, і мяне, хутка сказала, ні да каго не звяртаючыся:
– Ага, мільён новых працоўных месцаў! Хоць бы адно даў. Не веру я гэтым мордам. Колькі зрабіў Лукашэнка, столькі ніхто не зробіць!

– Адзін раз я за Лукашэнку ў жыцці галасавала, – эмацыйна дзеліцца іншая немаладая жанчына. – Было калісьці, што абнадзеілі. На мінулых выбарах я сама была ў камісіі ў 17-й школе Ліды. Папярэдняе галасаванне тады значна лепшыя паказнікі дало, чым асноўны дзень, вось мы з бюлетэнямі і праводзілі адпаведную працу. Адкрыта заяўляю – на мінулых выбарах асабіста я была сведкай фальсіфікацый.

Абсалютным фаварытам з падпісантаў за ўвесь час пікетавання быў абраны мужчына сямідзесяці васьмі гадоў, які ўпэўнена пад’ехаў да стэндаў на горным ровары:
– Ніколі не верыў Лукашэнку. Ён мне з самага пачатку не падабаўся. Гэта вельмі непрыемны чалавек. Я хацеў Някляева бачыць прэзідэнтам. І калі яго збілі на мінулых выбарах, я адключыў тэлебачанне ў сябе дома, цяпер толькі радыё «Свабода» слухаю. Цяпер жа больш за ўсё падыходзіць Лябедзька, хоць ён і не пройдзе. А за Калякіна падпісвацца не буду – я ніколі не быў ні ў камсамоле, ні ў партыі, хоць мог і вылучыцца на нейкую пасаду. І вось гэтыя партыйныя работнікі, з якімі ў мяне Калякін асацыюецца, мне дагэтуль не падабаюцца. Хоць, у савецкія часы ўсе прыстасоўваліся, можа і Лябедзька там нешта…

Пікетоўцы потым яшчэ доўга абмяркоўвалі і словы, і самога мужчыну, які ўразіў усіх сваёй бадзёрасцю: «Калі бачыш такіх людзей, якім па-ранейшаму не ўсё роўна, адразу настрой падымаецца».

Потым нашую ўвагу прыцягнула маладая дзяўчына гадоў 25-ці, якая ледзь несла з рынку вельмі цяжкія пакеты. Падышоўшы блізка да стэндаў і агледзеўшы тэксты і здымкі на стэндзе Лябедзькі, яна расчаравана ўсклікнула:

– Вось, блін, мала таго, што на базары ўсе грошы распусціла, мала таго, што сумкі адной цягнуць даводзіцца, дык тут яшчэ, я гляджу, зноў камбайнер нейкі ў прэзідэнты лезе. Колькі ж можна ўжо? Піпец, – падхапіўшы пакеты дзяўчына хутка рэтыравалася.

«На ровар ад такога жыцця перасеў»

 

[vc_single_image image=”368422″ img_size=”large”]

Ці то ад добрага надвор’я, ці то ў мэтах эканоміі, ці то з жаданнем палепшыць фізічную форму, але да пікетаў раз-пораз пад’язджалі на роварах і людзі адносна маладыя, і не вельмі. Адным з такіх быў сумны худы мужчына 40-ка гадоў, апрануты ў старую вайсковую форму. Пад’ехаўшы, цяжка ўздыхнуў, і падзяліўся сваёй праблемай:

– І які мне сэнс за Лукашэнку галасаваць? Я хоць гэтых мужыкоў і не ведаю, але… У нас на аўтобусным заводзе «Нёман» страшэнна ўпалі заробкі. Быццам бы, і аўтобусы ў Расею прадаем, а куды грошы ідуць – незразумела. Кладаўшчыкі сядзяць на акладзе ў мільён чатырыста тысяч, а рабочыя, што па восем гадзін пяць дзён у тыдзень працуюць, атрымліваюць па два, два з паловай мільёны. Хоць людзі і за мільён дзвесце тысяч працуюць. І навошта закон аб мінімальных заробках? На ровар вунь ад такога жыцця перасеў.

Сумных людзей, якія падыходзілі падзяліцца сваймі гісторыямі, было шмат. Яны нібы няўзнак расказвалі пра набалелае, ні да каго асабліва не звяртаючыся, а потым непрыкметна раствараліся ў натоўпе людзей, што спяшаліся з рынку ці на рынак.

Апалітычная моладзь і баба Ліда

 

[vc_single_image image=”368423″ img_size=”large”]

Маладых людзей (да 25-ці гадоў), якія цікавяцца пікетамі, было зусім мала: пікетоўцы наракалі, што моладзь, якая павінна быць зацікаўлена ў спробах уплыву на сваю сучаснасць і будучыню, ігнаруе пікеты. Паказальным быў выпадак, калі з кампаніі дзясятка маладых людзей 20-23 гадоў, якія стаялі непадалёк, да пікетаў падышоў толькі адзін:

– Падпішуся за Лябедзьку. А так, падпісвайся ці не падпісвайся – баба Ліда подпісы не прыме, мне здаецца. Панавыпускаў цыркачоў цэлую кучу ўжо – казачок той жа ці Караткевіч. Кашмар. У 2010-ым на Плошчу я ездзіў, а цяпер, падобна, і ісці няма за кім. Вось праграма «Мільён новых працоўных месцаў» добрая, не прывязаная да выбараў, ды і людзі цікавяцца, рэагуюць на гэту правакацыйную заяву. Кагосьці гэта злуе – але, прынамсі, абыякавымі не пакідае. А ўвосень нагамі па дне хадзіць будзем, напэўна, ці нават глыбей.

Яшчэ адзін веласіпедыст, малады чалавек-хіпстар 25-ці гадоў распачаў дыялог па-беларуску (гэта быў першы і адзіны выпадак за 10 дзён, праведзеных на пікетах):
– За Калякіна-камуніста не падпісваўся б, але ў нашых цяперашніх умовах тут ужо за любога подпіс паставіш. Я па адукацыі палітолаг, заканчваю магістратуру ў Польшчы. Вярнуцца ў Беларусь? Думаю, так. Цягне. Хоць я разумею людзей, якіх не цягне.

«Фашыст і прастытутка!»

 

[vc_single_image image=”368420″ img_size=”large”]

«Кісялёў змяніў пол і ў адпачынак прыехаў не ў Маямі, а ў Ліду…», – было першай маёй думкай, калі да пікету падскочыла бадзёрая бабулька 88-мі (!!!) гадоў, і стала крычаць:

– Я лічу, што калі вы збіраеце подпісы супраць Лукашэнкі, – вы фашысты. Што нам мяняць? Пенсіі своечасова, усё добра. Я не хачу Кіева. А вы не бачыце і не чуеце нічога. Я Кісялёва гляджу, і Салаўёва, і Папова. Паглядзіце, што дзеецца ў свеце.

– А вось гэтая дзяўчына падобная на фашыстку, як па-вашаму? – паказваю на мілавідную дзяўчыну-пікетоўцу, якая вачыма паказвала, каб не нерваваць бабку раздражняльнымі пытаннямі – спякота, узрост, ці мала што? Бабуля, паглядзела на яе чэпкім позіркам і вынесла вердыкт:

– Раз яна супраць Лукашэнкі – падобная, канешне. Такая ж фашыстка, як і Мэркель. Толькі тая яшчэ і прастытутка, – заявіла бабуля, і, зірнуўшы на мяне з непрыхаванай пагардай (пабачыўшы, пэўна, надпіс «USA» на маёй майцы), паспешна адышла, праз эмацыйную ўсхваляванасць перайшоўшы дарогу на чырвонае святло.

Расейцы заўсёды былі больш рэзкімі і смелымі ў выказваннях, што пацвердзілася на прыкладзе жанчыны за 40, якая сказала, што прыехала з Расеі:
– У Расеі кажуць, што гаспадарчы мужчына ваш Лукашэнка, чысціня ўсюды, класна ўсё.
– Ну, класны мужчына! – кажу я.
– Ды які ён класны мужчына? Калгаснік ён і ў Афрыцы калгаснік. Паглядзіш на яго ў тэлевізары – сорам-ганьба як выглядае і кажа.

Напрыканцы дня, калі пікетоўцы сталі разбіраць свае стэнды, да нас падышла далікатная жанчына гадоў 60-ці інтэлігентнага выгляду:

– Я вось вам верш прачытаю. Так, томік Мандэльштама ў мяне з сабой заўсёды, каб не скралі.

Мы живем, под собою не чуя страны,
Наши речи за десять шагов не слышны,
А где хватит на полразговорца,
Там припомнят кремлёвского горца.

Да застылых у асэнсаванні верша пікетоўцаў падышоў мужчына 30-ці гадоў, і сваёй настойлівасцю прымусіў выслухаць анекдот:

– Павесілі расейца, немца і паляка. Немец патузаўся-патузаўся ды абмяк. Паляк таксама, пакурчыўся ды таксама панік. Глядзяць яны, а беларус усміхаецца. Пытаюцца, маўляў, ты чаго ўсміхаешся? А ён адказвае: «Ды вось, спачатку няёмка неяк вісець было, а цяпер прывык, і нармальна».

Размаўляў Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў