Ярмошына адказала на патрабаванне Статкевіча распачаць выбарчую кампанію наноў


Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына ў эфіры анлайн-вяшчання рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия» 25 жніўня пракаментавала заяву былога палітзняволенага Мікалая Статкевіча пра неабходнасць «адматаць выбарчую кампанію назад».

«Я не ведаю, што такое «адматаць выбары назад», я не разумею. Гэта не плёнка. Падзеі адбываюцца, яны прызначаны парламентам», – сказала Ярмошына.

На пытанне, ці яна цешыцца з вызвалення Статкевіча, кіраўнік ЦВК адказала: «Што датычыцца яго вызвалення, можна радавацца свабодзе кожнага чалавека. Я лічу, што любы нармальны чалавек рады за другога, калі ён яму не зрабіў нічога дрэннага».

У інтэрвю тэлеканалу «Белсат» Мікалай Статкевіч заявіў, што мае намер дамагчыся скасавання сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў. «Хадзіць на такія выбары ня мае сэнсу. Трэба патрабаваць нармальныя выбары, паўторныя, з рэгістрацыяй кандыдатаў. Мяне пазбавілі правоў, маю ініцыятыўную групу незаконна не зарэгістравалі. Людзі папярэджвалі: а што калі выпусцяць Статкевіча? Вось мяне выпусцілі. Яны мелі права збіраць подпісы. Я лічу, што парушаныя мае правы і таму я буду патрабаваць скасавання гэтых выбараў і вяртання да пачатку выбарчага працэсу. Я буду пра гэта казаць гучна і публічна, спадзяюся, да мяне далучацца іншыя выбарнікі», – заявіў палітык.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў