Як у Літве зарабляюць на сонечнай энергіі


«Белсат» паглядзеў, як прадпрымальныя літоўцы развіваюць эканоміку краіны, робячы грошы на… сонцы.

Сонечная энергія – не забаўка для аматараў экалогіі, а крыніца прыбытку і сродак развіцця эканомікі. Прынамсі, так лічаць у суседняй Літве. Рэпартаж пра сонечную хатнюю гаспадарку.

Сонца – энергія будучыні. Эксперты выявілі, што дзякуючы свайму невысокаму кошту ды экалагічнасці сонечную энергію будуць абіраць і прадпрыемствы, і звычайныя людзі. Гэты працэс ужо разгортваецца ў суседняй Літве.

Сям’я Садоўскіх жыве ў Вільні і мае грошы проста з неба. Іхны дом не проста з нулявым спажываннем энергіі – ён выпрацоўвае электрычнасць на продаж. Калі 8 гадоў таму Садоўскія задумалі перайсці на энергію сонца, адразу пастанавілі ставіць вялікую ўстаноўку – на 30 кілават-гадзінаў.

«Усталяванне кампенсуе выдаткі на электрычнасць і таксама дае дадатковы прыбытак», – кажа кіраўнік кампаніі «Veo energija», прадпрымальнік Павел Садоўскі.

Пакуль альтэрнатыўную энергетыку падтрымлівае дзяржава – павышаным тарыфам набывання. Сістэма такая: сям’я купляе ў «Электрасетак» 1 кілават-гадзіну за 13 еўрацэнтаў, а сваю сонечную энергію прадае ўжо за 20 еўрацэнтаў. Сапраўдны бум сонечных батарэяў у Літве адбыўся 4 гады таму, калі ўрад абавязаўся скупляць электраэнергію ад сонца паводле фіксаванага кошту – амаль паўеўра за кілават-гадзіну. Аднак наплыву ахвочых бюджэт не вытрымаў, і тарыф давялося знізіць.

«Ствараючы схемы падтрымання для гэтага віду энергетыкі, за аснову ўзялі састарэлыя звесткі. Тэхналогіі пачалі імкліва таннець, а мяняць законаў гэтак хутка палітыкі не паспяваюць», – заўважае прэзідэнт асацыяцыі ўзнаўляльных крыніцаў энергіі Марцінас Нагявічус.

Аднак плюсам стаў рэзкі пад’ём вытворчасці сонечнай энергіі. Літоўскія ўлады выдалі 16 тысяч дазволаў на ўсталяванне міні-станцыяў.Толькі чвэрць уладальнікаў кінулі задуму і запатрабавалі кампенсацыі. Садоўскія ад сваёй устаноўкі не адмовіліся – яны пайшлі далей. Цяпер у іх буйная фірма ўсталявання сонечных батарэяў – не толькі ў Літве.

«Звычайна ў нас кажуць пра карысць, але мы думалі пра экалогію таксама. У нас зачынілі атамную станцыю, мы былі рады, час пераходзіць на экалагічныя метады. Мы ўнеслі свой унёсак. Калі б кожны дом выпрацаваў бы хаця б 2-3 кілаваты энергіі, то нам атамная энергетыка не патрэбная», – працягвае Павел Садоўскі.

Бадай, найбольшая бяда для віленчукоў – рахункі за ацяпленне, асабліва ў будынках савецкага часу. Рахунак за абагрэў гэтага дому ў халодны месяц сягаў 300 еўраў. Але і тут сям’я скарысталася альтэрнатыўнаю крыніцаю – тэрмадынамічным калектарам.

«У Літве запусцілі праграму. Ужо два разы акупіў устаноўку. Простая схема для людзей», – адзначае бацька Паўла Віктар Садоўскі.

Гэта сонечны калектар, спалучаны з цеплавою помпаю. Ён паглынае энергію сонца і цеплыню паветра ды працуе на розніцы тэмператураў. Як ні дзіўна, але нават уначы ды ўзімку прыстасаванне не толькі грэе дом, але і награвае ваду. Набыць тэрмадынамічны калектар дапамагла дзяржава – 30 адсоткаў кошту сістэмы скампенсавалі.

Хоць першыя спробы падтрымаць гэты від альтэрнатыўнай энергетыкі былі не вельмі ўдалыя, тыя, хто ўсталяваў гэтыя сонечныя батарэі, не адмаўляюцца ад сваёй задумы быць больш экалагічнымі і менш затратнымі.

Настасся Яўмен, «Белсат», Вільня

Глядзі таксама
Каментары