«Падручнік па расейскай вайне новага пакалення» быў складзены экспертамі Сухапутных войск ЗША ў канцы 2016 году, аднак толькі на днях зʼявіўся ў вольным доступе ў інтэрнэце. У 68-старонкавай кнізе разглядаюцца дзеянні расейскіх вайскоўцаў супраць Украіны і тое, як можна супрацьстаяць небяспечнаму праціўніку.
Амерыканскія войскі ўжо хутка 20 год канцэнтруюцца на вайне з тэрарыстычна-паўстанцкімі групоўкамі ў Іраку і Афганістане, і за гэты час асноўныя дзяржавы-канкурэнты ЗША скарацілі сваё адставанне ад сусветнага ваеннага лідара, лічаць аўтары кнігі.
«Падручнік па расейскай вайне новага пакалення» быў напісаны Групай па асіметрычнай вайне – падраздзяленнем Сухапутных войск ЗША, створаным у 2006 годзе для распрацоўкі канцэпцый змагання з існуючымі і магчымымі будучымі пагрозамі на полі бою. Дэвіз падраздзялення «Думаць. Адаптавацца. Прадбачыць».
Цяпер расейская армія ўжо ў меншай ступені нагадвае савецкую, хоць і захоўвае пэўныя яе рысы. Сучасныя войскі Масквы, выкарыстоўваючы беспілотнікі, радыё-электронную барацьбу, дальнабойную ракетную артылерыю, перанесла савецкую мадэль тактыкі з 1980-х і перанесла яе ў 21 стагоддзе, адзначаецца ў кнізе.
Са свайго боку Амерыка ўжо цэлае пакаленне не ўдзельнічала ў вайне з дастаткова прасунутым праціўнікам: «Наш рыштунак распрацаваны для змагання з паўстанцамі, а не ворагам, які можа мець тэхналагічную перавагу. Як нам абараніць войскі ад беспілотных апаратаў, ад ворага, які забівае каналы сувязі і навігацыі, які мае эшеланаваную сістэму супрацьпаветранай абароны?»
Па меркаванні экспертаў, амерыканцам трэба развітацца са стэрэатыпамі. Цяпер войскі ЗША неабавязкова будуць дамінаваць на полі бою дзякуючы прыладам начнога бачання, манеўранасці і канцэнтрацыі сіл і дальнабойнасці зброі. Вайскоўцам трэба вучыцца ваяваць з новай пагрозай, лічаць у Групе па асіметрычнай вайне.
Адзначаецца, што падчас канфліктаў у Грузіі і Украіне Расея маштабна выкарыстала адносна новы падыход для вядзення баявых дзеянняў. Гэта асаблівы тып вайны, які мае за мэту не непасрэдную ваенную перамогу, а змену ўлады ў суседняй краіне.
З гэтай мэтай аперацыі вядуцца адначасова праз прапаганду і ўзбраенне прарасейскіх групаў у суседняй краіне, выкарыстанне войск спецыяльнага прызначэння, прыватных ваенных кампаніяў, груп вайсковых дарадцаў і рэгулярных расейскіх войск. У выніку робіцца выгляд, што Масква не ўдзельнічае ў канфлікце непасрэдна, або толькі дапамагае мясцоваму насельніцтву.
Фарміраванні з мясцовых прарасейскіх і проста расейскіх добраахвотнікаў трапляюць пад камандаванне кадравых расейскіх вайскоўцаў і паступова рэарганізуюцца па прыкладзе расейскай арміі, пераўтвараючыся фактычны ў частку рэгулярных войск Масквы. У выпадку патрэбы, як гэта было ў летам 2014 года ці ўзімку 2017 года, на дапамогу гэтым фарміраванням прыходзяць афіцыйныя войскі Масквы без апазнавальных знакаў.
Адначасова дзеянні на зямлі атрымліваюць негалосную падтрымку расейскіх сістэм супрацьпаветранай абароны, таксама звычайная пяхота можа абараняцца ад самалётаў і верталётаў на нізкай высаце праз выкарыстанне пастаўленых Масквой пераносных зенітных комплексаў.
Гэтак, менавіта расейскім комплексам «Бук» быў збіты над тэрыторыяй Украіны цывільны лайнер Малазійскіх авіялініяў МН-17 у ліпені 2014 году. З вялікай верагоднасцю будуць збівацца і верталёты вайсковых медычных службаў, якія эвакуююць параненых у тыл, лічаць эксперты.
Ключавы элемент апошніх расейскіх дзеянняў – выкарыстанне «чалавечага ландшафту», як пішуць спецыялісты Групы па асіметрычнай вайне. Забяспечваецца гэта праз прапаганду і вярбоўку асобных людзей сіламі спецслужбаў. У выніку гэта дае Маскве магчымасць заблытваць праціўніка і міжнародную супольнасць, не прызнаваць сваю адказнасць за агрэсію, выкарыстоўваць мясцовае гарматнае мяса.
У выніку ў Крыме, напрыклад, Масква доўгі час адмаўляла, што яе войскі дзейнічаюць супраць украінскіх сіл, выдавала свае войскі за «сілы мясцовай самаабароны». Гэта ў рашучы момант паралізавала і ўкраінскую рэакцыю, і рэакцыю міжнароднай супольнасці.
Выкарыстоўваючы распрапагандаванае мясцовае гарматнае мяса Крэмль таксама эканоміць кроў сваіх рэгулярных войск і маскіруе іхны ўдзел у баях, можа паспяхова весці прапаганду, распавядаючы пра тое, што адбываецца толькі «грамадзянская вайна», а не расейская агрэсія.
Расейская прапаганда выкарыстоўвае папулярнасць расейскіх СМІ сярод часткі насельніцтва суседніх краін. Атрыманае таннае гарматнае мяса робіцца марыянеткай і шырмай для дзеянняў Крамля.
Адначасова, згадваецца ў дакладзе, зусім не ўся расейская армія пераўзброеная новай тэхнікай і тэхнічнымі прыладамі, яе магчымасці дагэтуль абмежаваныя пэўнымі найбольш баяздольнымі адзінкамі войск. У выніку Крэмль не можа весці доўгую поўнамаштабную вайну – лепшыя войскі і найбольш сучасная тэхніка могуць хутка скончыцца.
Акрамя таго, дэфіцыт такіх сіл і высокатэхналагічных сістэм азначае, што манеўр імі можна пастарацца прадказаць і папярэдзіць сваім манеўрам.
На менш высокім узроўні супрацьстаяння адзначаецца слабасць і празмерная цэнтралізаванасць лагістыкі расейскай арміі, а таксама не надта зручная сістэма кіравання агнём артылерыі і авіяцыі з боку наземных падраздзяленняў, якія просяць аб падтрымцы. Недахопы ў сістэмах сувязі, кіравання агнём і недахоп дакладных боепрыпасаў можа прыводзіць да таго, што расейская артылерыя і авіяцыя не зможа падтрымаць свае танкі і пяхоты ў выпадку бою на кароткай дыстанцыі.
Сяржанты – яшчэ адна слабасць постсавецкіх арміяў, у тым ліку расейскай. Армія РФ, як раней савецкая, дагэтуль пабудаваная амаль выключна на афіцэрах, у выніку чаго цяжка ўявіць эфектыўны манеўр падраздзяленнямі менш чым звяз ці рота.
Амерыканскім войскам варта ўлічыць змены ў сітуацыі, якая склалася ў Еўропе і мадэрнізацыйныя высілкі расейскіх сілавікоў, адзначае Група па асіметрычнай вайне. Трэба рыхтавацца ваяваць ва ўмовах дрэннай ці адсутнай сувязі ці сістэм GPS, бараніцца супраць варожых беспілотнікаў і снайпераў з добрай падрыхтоўкай і зброяй.
Неабходна вучыцца добра маскіраваць свае пазіцыі, каб не патрапіць пад масіраваны артылерыйскі абстрэл, бараніцца ад хакерскіх атак і ведаць, што кожны неасцярожны выхад на сувязь па радыё, звычайны званок па мабільным тэлефоне ці выхад у Facebook можа стаць апошнім у жыцці.
Такім чынам малодшыя камандзіры павінны вучыцца быць яшчэ больш ініцыятыўнымі і ў добрым сэнсе агрэсіўнымі – бо часта яны проста не змогуць атрымаць загады зверху і будуць прымаць рашэнні абсалютна самастойна.
Амерыканцы таксама павінны быць гатовымі да значна большых стратаў у выпадку вайны з даволі высокатэхналагічным праціўнікам, які масіравана можа выкарыстоўваць артылерыю і авіяцыю. Да гэтага павінны быць гатовыя і вайсковыя медычныя структуры.
Адэкватны адпор у сферы інфармацыйных аперацый, змаганне з маскоўскай прапагандай можа падарваць ці нават цалкам папярэдзіць магчымую агрэсію.
Без заўважнай колькасці распрапагандаванага мясцовага насельніцтва Маскве прыйдзецца ваяваць толькі ўласнымі сіламі, не атрымацца маскіраваць свае дзеянні на дыпламатычнай арэне, не атрымаецца хаваць страты ад уласных грамадзянаў.
Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu