Як Эрдаган бароніць дэмакратыю


Рэпрэсіі ў Турцыі дасягнулі новага піку і цяпер закрануць кожнага грамадзяніна: у краіне абвешчанае надзвычайнае становішча.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган звяртаецца да народу і абвяшчае надзвычайнае становішча ў краіне на тры месяцы. Паводле Эрдагана, гэтак ён бароніць дэмакратыю. І ніхто яго не будзе вучыць, у тым ліку і ў Еўропе, як гэта рабіць. У Турцыі распачалася татальная расправа з іншадумствам.

Пасля няўдалае спробы дзяржаўнага перавароту ў Турцыі рэпрэсіі закранулі каля 60 000 вайскоўцаў, праваахоўнікаў, суддзяў і выкладчыкаў. Увядзенне надзвычайнага становішча толькі павялічыць гэтае жніво. Цяпер прэзідэнт і ўрад могуць прымаць любы закон у абыход парламенту. Сітуацыя прыцягвае ўвагу Захаду: Турцыя – другое па велічыні войска НАТО.

«Рэакцыя на пераварот мусіць быць прапарцыянальная ды скіраваная на злачынцаў, адказных за гэта. Сілы НАТО, структуры НАТО ў Турцыі бяспечныя і гарантуюць барацьбу супраць «Да’ішу» згодна з планамі ЗША ды кааліцыі супраць тэрарыстаў», – кажа генеральны сакратар НАТО Енс Стольтэнбэрг.

Прэзідэнт Эрдаган заявіў, што ў перавароце бачыць замежны след. Але які – не ўдакладніў. Ідэйным лідарам перавароту ўсцяж называюць былога імама Фэтхулаха Гюлена, які цяпер у ЗША. Анкара гаворыць, што будзе патрабаваць ягонай экстрадыцыі, але пакуль фармальна гэтага не зрабіла.

«Спадар Гюлен у сваіх інтэрвю сказаў усім, хто яго чуе, каб дзеялі згодна з правам, трымаліся міру, ніколі не прыбягалі да гвалту ці дэстабілізацыі, каб не пагаршаць сітуацыі. Нават калі вас асабіста ці вашую сям’ю могуць пераследаваць», – заявіў прадстаўнік Фэтхулаха Гюлена Юксэль Алп Асландаган.

Нестабільная сітуацыя ў Турцыі выклікае занепакоенасць і ў міжнароднай палітыцы, і ў самой краіне. Ужо пацярпеў турыстычны сектар, які страціў нават да 50 % кліентаў.

«Мы чакалі так шмат турыстаў з Расеі ды Ізраілю, але цяпер мы іх страцілі. Таксама шмат людзей з Блізкага Усходу ды Ірану маглі прыехаць у Стамбул і Турцыю. Такія нашыя справы цяпер. Мы не надта радыя такой сітуацыі», – кажа Мэтэхан Эздэмір, менеджар гатэлю «Crowne Plaza».

Паляпапшэння сітуацыі не назіраецца: махавік рэпрэсіяў толькі пачаў раскручвацца. Пад прыкрыццём абароны дэмакратыі Эрдаган хоча расправіцца з усімі нязгоднымі з ягоным рэжымам.

Глядзіце матэрыял Сяргея Падсасоннага ў выданні «Свету»

 

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары