ЗША: Выстава карыкатураў на прарока скончылася стралянінай. Двое забітых


У прыгарадзе Даласа ў ЗША, дзе адбывалася выстава карыкатураў на прарока, невядомыя зладзілі страляніну.

Двое нападнікаў пад’ехалі да будынку Curtis Culwell Center у Гарландзе пад канец выставы і пачалі страляць у бок ахоўніка, параніўшы яго ў нагу. Тады ўмяшалася паліцыя, якая адкрыла агонь у адказ і забіла нападнікаў. Здарэнне адбылося позна ўвечары ў нядзелю.

Адзін з відавочцаў распавёў Associated Press, што чуў каля 20 стрэлаў, якія прагучалі, хутчэй за ўсё, з машыны, якая праязджала побач. Паводле Бі-бі-сі, на выставе прысутнічалі каля 200 чалавек.

Мерапрыемства было арганізаванае «Амерыканскай ініцыятывай абароны свабоды» (American Freedom Defense Initiative), якая абвясціла прэмію ў 10 тысячаў долараў за лепшую карыкатуру на прарока Мухамеда.

З’явілася інфармацыя, што адказнасць за стральбу ўзялі на сябе баевікі «Ісламскай дзяржавы». Пра гэта паведамляе RFI са спасылкай на арганізацыю SITE, якая займаецца маніторынгам актыўнасці экстрэмістаў у інтэрнэце.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары