Высоцкі: Бедны беларус і дзяржаўная палітыка сацыял-дэбілізму


Ці сапраўды «кепска каля Віцебску, у Воршы яшчэ горш, а ў Мінску па-свінску»?

Мая бабуля 30 гадоў адпахала ў калгасе на Гомельшчыне. Ой, Лукашэнка такі маладзец, хоць пенсію дае, прыгаворвала яна, падлічваючы тады яшчэ ласёў, трусаў і вавёрак. Мяне заўсёды калаціла, калі я бачыў гэтую нязграбную цётку, што прыносіла бабулі пенсію. Бабуля сустракала яе з нейкім містычным хваляваннем і не вытлумачальнай для мяне радасцю. Я назіраў за гэтай трагікамедыяй і закіпаў ад злосці, бо ведаў, што хутка пайду ў краму і набуду ёй самы танны хлеб-цэглу. Тады я не мог зразумець, як чалавек з такімі рукамі, якія патрэскаліся ад халоднай калодзежнай вады і працы на зямлі, можа радавацца гэтым капейкам.

«Галеча вядзе да рэвалюцыі, рэвалюцыя – да галечы», – напісаў калісьці Віктор Гюго. Мая бабуля адказала б яму: Віктор, якая рэвалюцыя, наша жыццё – гэта суцэльная галеча, ты не ведаеш, што такое палеская вёска, вайна. Мая маці распавяла б яму пра крах СССР, масла па талонах ды зацыраваныя шкарпэткі, а мой бацька пра НКВДыста, які пасяліўся ў хаце раскулачанага селяніна – майго дзеда, а таксама пра цвёрдыя, як камень, гарохавыя бліны і чытанне пры лучыне. Галеча, страх вайны, рэвалюцыі і рэпрэсіўнай дзяржавы – надоўга прапісаліся ў нашай нацыянальнай свядомасці. Цяпер беларусы зноў бяднеюць, баяцца і пакорліва шукаюць шляхоў выжывання. І пра гэта сведчаць наступныя лічбы…

Сёлета квітнеючая Беларусь апынулася на другім з канца месцы ў рэйтынгу дабрабыту, які нядаўна апублікаваў швейцарскі банк «Credit Suisse». Паводле гэтага рэйтынгу, горш за нас жывуць толькі ва Украіне, якая знаходзіцца ў стане вайны.

У 2014 годзе мы трапілі ў дваццатку краінаў з самым высокім у свеце «індэксам няшчасця», які складаецца з узроўню беспрацоўя і інфляцыі.

У лістападзе 2015-га сярэдні заробак у краіне склаў Br 6 748 775 ($ 308 паводле курсу на 10.02.2016). У лістападзе 2014-га беларусы зараблялі $ 575.

Цягам 2015-га колькасць беларускіх семʼяў, якія апынуліся за рысай беднасці, павялічылася амаль на 15 500. У кастрычніку 2015-га колькасць хатніх гаспадарак, даход якіх не дацягнуў да бюджэту пражыткавага мінімуму, вырас да 143 300 (гэта мінімум 429 900 чалавек). Найбольшая колькасць бедных семʼяў жыве ў Берасцейскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях, паведамляе Белстат.

У Менску колькасць афіцыйных беспрацоўных большая, чымся вакансіяў.

А цяпер уважліва паглядзіце на гэтыя лічбы і звярніце ўвагу на нядаўнюю заяву нашага правадыра, які са скуры лезе, каб апраўдаць існаванне пабудаванай ім жа сацыяльна-эканамічнай мадэлі.

Глядзіце таксама >>>Трэба пратэставаць, бо ўжо немагчыма жыць у гэткім беспарадку!

«Я не хачу стварыць буржуазнае або буржуазна-дэмакратычнае грамадства, дзе будзе прорва паміж багатымі, то бок, нашымі бізнесменамі, прадпрымальнікамі, можа, нейкімі чынушамі і гэтак далей, і звычайным народам», – заявіў у жніўні 2015-га Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з справаздачай прэмʼера Андрэя Кабякова.

Што гэта? Дыялог Шарыкава і прафесара Прэабражэнскага з «Сабачага сэрца»? Не! Гэта цынічны папулізм чалавека, які носіць «Vacheron Constantin Geneve» за $ 20 000 і рассякае па менскіх вуліцах на «Maybach» за $ 500 000, гэта хітрыкі чалавека, які выдатна разумее, што чым даўжэйшая локшына ў выглядзе балбатні пра сацыяльную справядлівасць, тым лягчэй яе скарміць сярэднестатыстычнаму беларусу.

«Беларускі Макіявелі» ўжо каторы год прытрымліваецца канцэпцыі сядзення на расейскай паперці ў чаканні крэдыту. Прасцей кажучы, кіраўнік краіны, якая бяднее, просіць грошы ў краіны, дзе каля 30 млн людзей жыве за мяжой беднасці. І што немалаважна, беларускае дзяржаўнае жабрацтва накіраванае на падтрымку нерэнтабельных прадпрыемстваў, якія прадаюць сваю прадукцыю галоўнаму крэдытору «луканомікі».

«У нас няма лішніх грошай, няма нафты, газу. У нас народ жыве сваймі мазалямі і за сваю капейку. Таму калі хто-небудзь хоча шмат атрымліваць, прытым хуткія, шалёныя грошы, тады трэба ісці ў іншую сферу», – такую параду ў 2014 годзе Аляксандр Лукашэнка даў прадстаўнікам чынавенства. Праўда, тады кіраўнік Беларусі забыўся ўдакладніць, што ж гэта за сфера, дзе можна хутка «шалёныя» грошы зарабіць.

Тым часам, паводле афіцыйнай статыстыкі, ў Беларусі 3,6 % бедных, т. б. тых, хто зарабляе менш за $ 68. Людзей, што зарабляюць $ 69 або, скажам, $ 79, Белстат не лічыць беднымі і не раскрывае сакрэту сапраўднай колькасці тых, хто ледзь сточвае канцы з канцамі. Пытанне калі ж скончыцца эпоха сацыял-дэбілізму ў Беларусі ўсцяж застаецца адкрытым, але бедным беларусам не да гэтага. Добра, што хоць нейкія грошы даюць зарабіць. Ну, і пенсію ўрэшце рэшт стабільна выплачваюць. Карл, у любым выпадку ў нас не так, як ва Украіне.

Юрась Высоцкі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары