У судзе Фрунзенскага раёну Менску 4 ліпеня быў агучаны прысуд сузаснавальніку групы кампаніяў «Сармат» Аляксандру Кныровічу. Менскага бізнесоўца пакаралі 6 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненнага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці.
Яго прызналі вінаватым у дачы хабару і ўхіленні ад выплаты падаткаў.
Суд прызнаў вінаватымі і ягоных калегаў па ТАА «СарматТэрма-Інжынірынг». Гэтак намеснік дырэктара па эканоміцы Ігар Максімаў атрымаў 4 гады з канфіскацыяй, вядучы эканаміст Андрэй Кускоў – 3 гады, намеснік дырэктара па продажах Яўген Папоўскі – 4 гады пазбаўлення волі. На працягу месяца з дня ўступлення прысуду ў сілу абвінавачаныя павінны пагасіць шкоду дзяржаве ў памеры 2,765 мільёнаў рублёў і дзяржпошліну ў памеры 138 тысяч рублёў.
На судзе Максімаў і Кускоў прызналі сваю віну цалкам, Кныровіч і Папоўскі – часткова.
Нагадаем, Кныровіча арыштавалі супрацоўнікі КДБ 25 студзеня 2017 года. Паводле версіі следства, з 2014 года прадстаўнікі ТАА «СарматТэрма-Інжынірынг» шляхам змовы і подкупу кіраўнікоў і службовых асоб прадпрыемстваў ЖКГ і арганізацыяў энергетыкі забяспечвалі правядзенне «заказных» біржавых таргоў для рэалізацыі тэрмаізаляваных трубаў. Паводле КДБ, людзі Кныровіча таксама падкупалі брокераў, якія праводзілі гэтыя таргі. Пры гэтым сумы «адкатаў» закладваліся фірмай у сабекошт прадукцыі, завышаная цана якой пасля ўлічвалася пры фармаванні камунальных тарыфаў.
Следства лічыць, што прыбытак «Сармату» і хабары службовых асоб аплачваліся за кошт насельніцтва. У 2014-2016 гадах «СарматТэрма-Інжынірынг» паставіла трубавай прадукцыі на суму звыш 90 мільёнаў рублёў. Задакументавана выкарыстанне камерцыйнай структурай цэнтралізаванага «фонду размеркавання хабараў» на аплату паслуг службовых асоб у Менску, Гомельскай, Берасцейскай і Менскай абласцях. Атрыманыя грошы кампанія Кныровіча выводзіла на рахункі зарэгістраваных за мяжой фірмаў, сцвярджала КДБ.
Усяго ў межах аперацыі КДБ затрымаў 11 чалавек па ўсёй Беларусі – як супрацоўнікаў «СарматТэрма-Інжынірынг», так і службовых асобаў ЖКГ.
Адразу пасля арышту бізнесоўца сітуацыю пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў, у прыватнасці, што Кныровіч «плачацца аб памілаванні, гатовы кампенсаваць шкоду, прызнаўшы сваю віну» і на ім «кляйма няма дзе ставіць».
«Злодзей павінен сядзець у турме – вось такую рэзалюцыю я наклаў на справаздачу старшыні Камітэту дзяржбяспекі. Усе, хто да гэтага датычны, будуць сядзець», – сказаў ён.
ІІ, belsat.eu, паводле TUT.by