Суд Ленінскага раёну Горадні пакараў «белсатаўца» Паўла Мажэйку штрафам у 35 базавых велічыняў (857 рублёў). Журналіста судзілі за наўпроставае ўключэнне са святкавання стагоддзя БНР у Горадні.
У якасці доказу гарадзенскія міліцыянты прадставілі кавалак відэазапісу, на якім Мажэйка вядзе прамую трансляцыю і бярэ каментар у старшыні гарадзенскай рады «Партыі БНФ» Вадзіма Саранчукова. Як паведамілі міліцыянты, відэа яны заўважылі падчас правядзення відэаманіторынгу, які ўваходзіць у службовыя абавязкі праваахоўных органаў.
Сведкам выступаў капітан міліцыі Аляксей Вайцешка, які пацвердзіў, што Павал нібыта «круціўся на імпрэзе з тэлефонам у руках і нейкі час апранаў белыя слухаўкі».
За працу без акрэдытацыі на яго склалі пратакол па ч.2 арт. 22.9 КоАП, а суддзя Дзмітры Бубенчык прыняў рашэнне аштрафаваць журналіста.
«Ясна адно: задача ўладаў – прыдушыць незалежных журналістаў у Горадні, націснуць на іх. Суды ствараюць выгляд кіпучай працы – у тэчцы з матэрыяламі справы нават фігуруе мой выезд за мяжу ў 2012 годзе… А насамрэч усё залежыць ад загаду зверху, які атрымлівае суддзя. Але нічога, мы трываем», – каментуе Мажэйка.
На думку нашага калегі, справы супраць журналістаў «Белсату» – гэта палітычныя рэпрэсіі, але «да гэтага трэба быць гатовымі». Абскарджваць пастанову суду ён не плануе, бо гэта «марнаванне сілаў і часу».
«Відаць, што супрацоўнікам міліцыі трэба неяк падымаць статыстыку. У дадзеным выпадку – гэта абсалютна прыцягнутая за вушы пакаранне. 40 хвілін на разгляд справы ў судзе і 20 хвілінаў на вынясенне рашэння сведчыць пра тое, што пастанова ўжо была гатова. Судовая сістэма ў Беларусі абсалютна працуе без зменаў і парушае правы як звычайных людзей, гэтак і людзей, якія працуюць на карысць грамадства» – каментуе Вадзім Саранчукоў, у якога журналіст браў інтэрв’ю 25-га сакавіка.
Павел Мажэйка – вядомы гарадзенскі журналіст, на «Белсаце» вядзе гістарычную праграму «Intermarium». Летась Паўла таксама судзілі за стрым з Дня Волі, але тады суд даў яму толькі 23 базавых штрафу.
Па гэтым жа артыкуле – 22.9 – толькі ў траўні 2018 году беларускія ўлады паспелі асудзіць журналістаў «Белсату» 9 разоў. Усяго ж за бягучы год, паводле дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў, пад адміністратыўны пераслед «белсатаўцы» траплялі 38 разоў, а агульная сума штрафаў склала 31 997 рублёў.
КА/ПВ, belsat.eu