Суседзі прадпрыемства «Кураполле-агра» не ў стане вытрымаць сметнішча, якое гадамі ствараецца побач з іхнымі дамамі.
Нязносныя ўмовы, а нават пагроза жыццю ў выніку дзейнасці неахайнай гаспадаркі на Віцебшчыне. Мясцовы жыхар не вытрымаў і звярнуўся ў суд. У сваю чаргу кіраўніцтва фермы цвердзіць, што актыўны сяльчанін сам вінаваты ў сваіх праблемах.
Парэшткі жывёлы ды кучы гною – такое відовішча можна назіраць побач з малочнай фермай гаспадаркі «Кураполле-агра» у вёсцы Васіліны, што на Віцебшчыне.
Як кажуць тутэйшыя бывальцы, жыць у гэтых ваколіцах немагчыма.
«Каб не карыстацца палямі фільтрацыі, яны паставілі ніжэй трубу і ўся жыжа паплыла ў Дзісну», – кажа гаспадар аграсядзібы Сяргей Дзіковіч.
Са словаў прадпрымальніка, некалькі разоў на год сцёкі з мясцовай фермы заліваюць ягоны зямельны выдзел. Апрацоўваць яго немагчыма, а патэнцыйных наведнікаў сядзібы адпужвае нязносны смурод.
«Гэтая інжынерная канструкцыя, як яны кажуць, лічыцца прыведзенай у парадак. Тут плаваюць пакрышкі. Нярэдка сабакі даставалі адтуль трупы цялят», – працягвае Сяргей Дзіковіч.
На відэазапісе паказана, як выглядае каналізацыя на тэрыторыі малочнай фермы. Лёгка заўважыць, што незакрытыя калодзежы ствараюць пагрозу здароўю і жыццю мясцовых жыхароў. Аднак «Кураполле-агра» няспраўная каналізацыя не замінае. Паводле кіраўніцтва арганізацыі, Сяргей Дзіковіч праблемы стварыў сабе сам.
«Яна не працуе з 1970-х гадоў. Яе закансервавалі. Я мяркую, што на ягоным зямельным участку пашкоджаны калодзеж. Я мяркую, што ён пашкоджаны ў выніку ягонай дзейнасці. Я вас запэўніваю, што сцёкавая вада з фермы туды не даходзіць», – мяркуе Аляксандр Петкевіч, дырэктар «Кураполле-агра».
Аднак на пытанне, куды і якім чынам, калі не праз каналізацыю, адводзяць сцёкі з фермы, у «Кураполле-агра» паведамляць адмовіліся. Вось як апісвае сітуацыю Сяргей Дзіковіч:
«Вада пранікае ў мой дом. Гравій добра прапускае ваду, таму ў сутарэннях вада. Вільгаць нішчыць будынак. Пачынае гніць падлога».
Таму Сяргей Дзіковіч падаў на «Кураполле-агра» у суд. Сёння ў Паставах адбылося першае паседжанне. Наступнае пройдзе 9 чэрвеня. Гаспадар аграсядзібы спадзяецца атрымаць належную кампенсацыю.
Ян Бабіцкі