Вера, Патрыцыя і хор «Унія». Чысціня каляднага спеву (прэм’ера!)

urgent

Мужчынскі хор «Унія» ў складзе 11 чалавек далучыўся да дзявочага дуэту «Вера&Патрыцыя», каб заспяваць калядны кант «Новая навіна» ў праекце «Новае пакаленне на Новы год».

Твор «Новая навіна» з’яўляецца рэканструкцыяй з апублікаваных нот этнаграфічнага зборніка Зінаіды Мажэйкі «Песні беларускага Палесся». Гэтая песня хрысціянскага перыяду распавядае апакрыфічны сюжэт пра Панну Марыю і нараджэнне Ісуса. Паводле жанру, гэта – калядны кант.

«У маёй сям’і яе вельмі любяць і на Раство заўжды спяваюць на чатыры галасы, бо ўся сям’я музычная. Ужо некалькі год гэтую песню на калядных вечарынах выконваюць і дзяўчаты – Вера Саламонік і Патрыцыя Свіціна. Упершыню мы зрабілі яе з мужчынскім хорам і атрымалася вельмі прыгожае спалучэнне тэмбраў і энергетыкі. Сапраўднае Раство, асабліва званочкі напрыканцы», – кажа кіраўнічка дуэту «Вера&Патрыцыя» Ірэна Катвіцкая.

Спеў «Новая навіна» таксама выконваецца ў калядным фольк-мюзыклу, дзе Патрыцыя грае Каляду, а Вера – Козку. Пабачыць яго можна 26 снежня ў менскім музеі Ваньковічаў.

Кіраўнік «Уніі» Кірыла Насаеў распавядае, што калі атрымаў прапанову спалучыць у гэтым спеве дзявочы дуэт і ягоны мужчынскі хор, то прызадумаўся і… адмовіўся. «Дужа розныя стылі – фальклор і акадэмічныя спевы, – кажа Кірыл. – А потым мы зноў прызадумаліся, перакрэслілі некалькі варыянтаў і знайшлі аптымальнае рашэнне ў стылі другой хвалі беларускага постмадэрнізму».

У запісе акапэльнага нумару ўзялі ўдзел Эміль Багдасар’ян, Аляксандр Радзюк, Аляксандр Ляпуноў, Павал Гонца, Павал Макарэвіч, Андрэй Саўрыцкі, Аляксандр Дзюмін, Андрэй Пятроў, Дзяніс Лазоўскі, Андрэй Кухарэнка.

Песьня «Новая навіна» была запісаная для праекту «Новае пакаленне на Новы год». Гукарэжысёр запісу Андрэй Акатаў. Відэаверсію гэтага праекту можна ўбачыць у ноч з 31 снежня 2015 на 1 студзеня 2016 году на тэлеканале «Белсат».

Новая навіна – родзіць панна сына,
Парадзіла ў Бэтлееме Марыя едзіна,
Парадзіла ў Бэтлееме Марыя едзіна,
На руках трымала, рэч яму співала,
Сама своім створыцелем яго называла,
Сама своім створыцелем яго называла.
Люлі-люлі сынку, люлі-люлі сынку,
Дзе сам едзеш – бяры мяне за мамку-едынку,
Дзе сам едзеш – бяры мяне за мамку-едынку.
Новая навіна – родзіць панна сына,
Парадзіла ў Бэтлееме Марыя едзіна,
Парадзіла ў Бэтлееме…
Марыя едзіна.

Глядзі таксама
Каментары