Вайсковы парад да Дня незалежнасці: свята ці баль падчас чумы?

video

З самага ранку беларуская сталіца поўнілася ляскам танкавых тракаў, гулам магутных дызельных рухавікоў ды нізкімі вібрацыямі паветра. Парад на Дзень незалежнасці 3-га ліпеня праводзяць з размахам. 222 адзінкі баявой тэхнікі, 58 самалётаў і верталётаў, тры з паловаю тысячы вайскоўцаў.

Узначаліў мілітарнае шоу галоўнакамандуючы

Адказам на гэта «мілітарызацыю Еўропы» Аляксандр Лукашэнка называе беларускае войска – мабільнае і сучасна ўзброенае. Што і паказалі сёння ў Менску.

Не вельмі зразумела толькі тое, чаму побач з беларускімі самалётамі ды верталётамі ў сталічным небе прысутнічала расейская авіяцыя. Калі гэта даніна вызваленню Менску ад нацыстаў, то чаму не запрасіць прадстаўнікоў іншых постсавецкіх краінаў: Украіны ці, напрыклад, Грузіі? Калі ж гэта намёк на Саюзную дзяржаву і супольную абарону, то ці не пасля разʼяднання з Расеяй мы пачалі святкаваць Дзень незалежнасці?

Навошта ўвогуле той парад?

«У ідэалагічным плане беларускія ўлады зусім заблыталіся. А гэтыя ўсе тэзы пра незалежнасць выглядаюць смешна. І эканоміка беларуская да Масквы прывязаная і ў вайсковым плане моцна краіна да Расеі прывязаная. Хоць зараз гэты хаўрус з Масквой стаў для Лукашэнкі вялікім дыскамфортам. Ён мусіць і сваім і Заходнікам тлумачыць, што расейскія войскі тут не застануцца», – даводзіць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Улады ніколі не агучвалі дакладнага кошту вайсковага шоу

Вядома, што напрыканцы двухтысячных – пачатку 2010-ых гадоў войска аддавала на гэтыя мэты каля 0.2 % ад усіх выдаткаў на абарону. То бок $ 1-1.5 млн. Але лік гэты далёка не поўны, бо адлюстроўвае толькі частку выдаткаў.

«У нас шмат якія выдаткі не ўлічваюцца, і не аплачваюцца вайсковымі ведамствамі, бо нешта аплочвае камунальная гаспадарка, гарадскі, іншыя бюджэты», – удакладніў вайсковы эксперт Аляксандр Алесін.

У агульны кошт трэба далучыць упрыгожванне гораду, прыборку Менску пасля святкавання. Наўрад ці з названага вышэй бюджэту рамантуюць сапсаваныя танкамі дарогі. Не ўзгадаюць у падліках і пра тое, што авіяпарад – гэта не толькі паліва. А гадзіна палёту таго ж МіГа-29 – гэта $ 30 тыс. Памножыць на колькасць самалётаў, дадаць дзве рэпетыцыі – і вось ужо $ 1 млн.

Праблема не толькі ў грошах

«Яшчэ летась было прынятае рашэнне напісаць петыцыю ды запрапанаваць перанесці парад недзе за горад. Узнікае шмат праблемаў з іх правядзеннем. Коркі, няўдалыя транспартавыя развязанні», – звярнуў увагу блогер Антон Матолька.

Нязручнасці, звязаныя з парадам, прыводзяць да сітуацыяў, калі на выклікі не могуць даехаць ні пажарныя службы, ні хуткая дапамога, дадаў блогер, – а шум падчас начных рэпетыцыяў не дае менчукам спакойна адпачываць. Петыцыю блогера за перанясенне парадаў за горад у інтэрнэце падпісалі ўжо больш за 3 тысячы асобаў.

Ігар Кулей, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары