Беларусь абмяжоўвае ўезд на сваю тэрыторыю народным дэпутатам Украіны, сябрам Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.
Пра гэта гаворыцца ў звароце Камітэту па замежных справах Вярхоўнай Рады Украіны, накіраваным ПАРЕ і генсакратару Рады Еўропы.
Паводле Камітэту, «Беларусь уводзіць практыку абмежавання ўезду народным дэпутатам, якія зʼяўляюцца сябрамі ПАРЕ. У прыватнасці, намесніку кіраўніка Камітэту па замежных справах Ігару Гузю і першаму намесніку старшыні Вярхоўнай Рады Украіны Ірыне Герашчанцы».
Дэпутаты лічаць, што гэтае рашэнне «не адпавядае дэмакратычным традыцыям, улічваючы тое, што Беларусь пачынае добраахвотна аднаўляць адносіны з ПАРЕ».
25 красавіка народнага дэпутата Украіны Ігара Гузя беларускія памежнікі не пусцілі ў Беларусь. Яны паведамілі, што падставай для гэтага стала патрабаванне адпаведных органаў Расеі. У Менску Ігар Гузь планаваў узяць удзел у акцыі «Чарнобыльскі шлях», сустрэцца з супрацоўнікамі амбасады Украіны, прадстаўнікамі ўкраінскай дыяспары і беларускай апазіцыі.
ЮВ, belsat.eu