Украінскі паэт Сяргей Жадан правёў ноч у аддзяленні менскай міліцыі


Пісьменніку забаранілі ўезд у Беларусь. Пра гэта Жадан напісаў у «Facebookʼу».

Працаўнікі сталічнай міліцыі прыйшлі ў гатэльны нумар Сяргея Жадана ноччу і забралі яго ў аддзяленне, дзе высветлілася, што паэту забаронены ўезд на тэрыторыю РФ (за «датычнасць да тэрарыстычнай дзейнасці»).

«Давялося начаваць у камеры. Раніцай доўга пісалі тлумачэнні і распытвалі пра тэрарызм. Зрэшты, паставілі ў пашпарт штамп аб забароне ўезду ў Беларусь на нявызначаны тэрмін», – напісаў Жадан.

Сяргей Жадан звярнуўся з просьбаю адрэагаваць на інцыдэнт да ўкраінскага МЗС і амбасады Украіны ў Беларусі.

«Давайце, скажам, разарвем з імі дыпламатычныя адносіны. Або абʼявім ім Крыжовы паход. Калі ласка», – прапануе пісьменнік.

Украінскі пісьменнік прыехаў у Менск на кніжную выставу і Стральцоўскі літаратурны фэст.

Сёлета беларускія праваахоўнікі запатрабавалі пакінуць тэрыторыю Беларусі карэспандэнта Грамадскага тэлебачання Данбасу Віталя Сізова, які трапіў у расейскі спіс непажаданых асобаў.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары