Украінскі дэпутат мае намер дамагацца, каб Гарбачова не фінансавалі ў Еўропе


Дарадца кіраўніка МУС у Кіеве, дэпутат Герашчанка прыгразіў, што ўкраінскі бок папросіць партнёраў у Еўропе не прымаць Міхаіла Гарбачова і не фінансаваць ягоны фонд. Раней Гарбачоў падтрымаў расейскую анексію Крыму.

Дарадца кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка заявіў, што варта было б забараніць экс-прэзідэнту СССР уезд ва Украіну. «У такіх выпадках СБУ прымае рашэнне аб забароне ўезду асобам, якія падтрымліваюць парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны», – заявіў Герашчанка ў інтэрвʼю радыёстанцыі «Говорит Москва» 22 траўня.

Дэпутат Вярхоўнай Рады таксама заявіў, што «дыпламатычным шляхам будзе звяртацца да еўрапейскіх партнёраў, каб Гарбачова не прымалі ў Еўропе і ня фінансавалі ягоны фонд, які дапамагае распальваць нянавісць паміж Расеяй і Украінай».

22 траўня ўбачыла свет інтэрвʼю Гарбачова брытанскай газеце «The Sunday Times», у якой ён, кажучы пра далучэнне Крыму да РФ, заявіў, што зрабіў бы тое самае, што і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, калі б апынуўся на ягоным месцы. «Я заўсёды за свабодную волю людзей, а большасць у Крыме хацела узʼяднацца з Расеяй», – сказаў Гарбачоў.

ЮВ, belsat.eu, паводле «Говорит Москва»

Стужка навінаў