Фота: belta.by
Паводле інфармацыі з банкаўскіх колаў, Генадзя Гаспадарыка затрымалі ў яго кабінеце.
«Учора «закрылі». Кажуць, хабар», – распавяла tut.by ананімная крыніца.
Інфармацыю пра затрыманне пацвердзіў КДБ, піша belta.by.
«Яго затрымалі 15-га чэрвеня падчас спробы атрымаць хабар памерам $ 14 000», – паведаміў прадстаўнік КДБ у размове з дзяржаўным агенцтвам.
Генадзь Гаспадарык нарадзіўся ў 1960 годзе ў вёсцы Нялепава Нясвіжскага раёну Менскай вобласці. Скончыў Берасцейскі інжынерна-будаўнічы інстытут і БДЭУ. Працоўны шлях пачынаў у 1981 годзе майстрам у «Смаленскмеліярацыі».
У банкаўскую сістэму прыйшоў пасля службы ў войску. З 1983 да 1987 года працаваў інжынерам у Кастрычніцкім і Савецкім аддзяленнях ды начальнікам аддзелу Менскага гарадскога ўпраўлення «Будбанку СССР». У 1988–1991 гадах – намеснік начальніка ўпраўлення, галоўны інжынер упраўлення інжынерна-тэхнічнага кантролю Беларускага рэспубліканскага «Жылсацбанку СССР». З 1991 да 1994-га – працаваў намеснікам начальніка аддзелу, які кіраваў Траецкім аддзяленнем Галоўнага ўпраўлення Нацбанку па Менску.
Чытайце таксама >>> Кліенты «Беларусбанку» скардзяцца на незразумелыя спісанні грошай з картак: «У калегаў знялі 4 мільёны»
У 1997-м – прызначаны начальнікам Менскага гарадскога ўпраўлення, а 2002-м – намеснікам праўлення «Беларусбанку». Праз 10 гадоў стаў першым намеснікам старшыні праўлення гэтага банку.
Чытайце таксама >>> Нацбанк растлумачыў, навошта выставяць на продаж пакет акцыяў «Беларусбанку»
«Яшчэ адзін будучы кіраўнік калгасу», – жартуюць у каментарах пад навіной пра затрыманне намесніка кіраўніка «Беларусбанку» чытачы.
Нагадаем, што ў 2016-м Лукашэнка вярнуў на кіроўныя пасады чатырох асуджаных за карупцыю функцыянераў, якім паводле беларускага заканадаўства забараняецца выконваць такія абавязкі.
У студзені былы першы намеснік генпракурора Беларусі Аляксандр Архіпаў, які злоўжываў службовым становішчам, браў хабары і быў прысуджаны да 6 гадоў пазбаўлення волі, нечакана апынуўся на пасадзе кіраўніка сельгаспрадпрыемства «Пятровічы» (Смалявіцкі раён Менскай вобласці).
Былы кіраўнік Чашніцкага райвыканкаму (Віцебская вобласць) Уладзімір Булай, у дачыненні якога ў верасні 2015 года Генпракуратура распачала крымінальную справу па факце карупцыі, стаў дырэктарам ААТ «Кляновічы» ў Крупскім раёне.
Былы дырэктар прадпрыемства «Магілёўдрэў» Андрэй Вусаў, які 1 ліпеня 2014 года быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, службовы падлог, крадзеж і нанясенне шкоды ў значным памеры, на пачатку лютага быў датэрмінова вызвалены і прызначаны выканаўчым дырэктарам на заводзе «Строммашына».
Былы дырэктар Бабруйскага мясакамбінату Віктар Хадасевіч прызначаны выконваць абавязкі кіраўніка гаспадаркі «Ліпаўка» ў Хоцімскім раёне. У 2015 годзе яго асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі за спробу крадзяжу шляхам выкарыстання службовага становішча.