У Вільні правялі акцыю салідарнасці з Беларуссю


Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю ладзіцца ўжо чацвёрты год запар. Акцыі прайшлі адразу ў некалькіх гарадах Еўропу і свету.

Падпісаць паштоўку дзеля падтрымання аднаго з шасці беларускіх палітвязняў або проста выказаць салідарнасць з народам Беларусі можна было сёння ў тым ліку і ў Вільні.

Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю быў праведзены ўжо чацвёрты год запар. За стартавы пункт узялі 4-га жніўня 2011-га, калі ўлады незаконна арыштавалі Алеся Бяляцкага. Праваабаронца сёння на свабодзе, але за кратамі застаюцца іншыя актывісты. У літоўскім сейме ёсць цэлая група апекуноў над беларускімі палітвязнямі. Дэпутат Лінас Бальсіс пільна сочыць за лёсам анархіста Міколы Дзядка.

«Нам як суседняй краіне не ўсё роўна, што адбываецца. Чым больш дэмакратычнай будзе Беларусь, тым лепш будзе беларусам, Літве і ўсяму Еўразвязу», – кажа дэпутат Сейму Літвы Лінас Бальсіс.

Праваабаронцы ж не гавораць пра вялікую палітыку. Іхная справа – умацоўваць пачуццё датычнасці да праблемаў парушэння правоў чалавека. Пра гэта лёгка забыцца на фоне эканамічных інтарэсаў. Памяншэнне колькасці палітвязняў адвакаты грамадства не схільныя называць змякчэннем аўтарытарызму.

«Наіўна было б меркаваць, што беларускі рэжым гатовы да самастойнай мяккай трансфармацыі. Чарговая ўзмацненне рэпрэсій мы пабачым рана ці позна, калі пойдзе павелічэнне страху ва ўладаў», – адзначае праваабаронца Алена Танкачова.

Нягледзячы на будні дзень, да пікету далучыліся і шараговыя грамадзяне.

«Беларусь – гэта сусед, заўжды будзе ў інтарэсах Літвы дапамагаць Беларусі», – адзначае жыхар Вільні Юстас.

Сёння ж аналагічныя акцыі прайшлі ў Варшаве, Кіеве, Маскве ды дзясятках іншых гарадоў. Хоць дзень салідарнасці з Беларуссю яшчэ даволі малады, арганізатары адзначаюць, што з кожным годам удзельнікаў становіцца болей.

Стужка навінаў