Царква ў гонар святога Сергія Раданежскага ў Мсціхіне пад Калугай прапануе замовіць малітвы і паніхіды праз тэрміналы маментальнай аплаты.
«Узмоцнім нашую малітву за блізкіх, хворых, дзяцей, сіротаў, удоваў!», – гаворыцца ў анатацыі да тэрмінала ад імя святара Васіля Гадная.
Фатаграфію экрана тэрмінала зрабіла жыхарка гораду Апатыты (Мурманская вобласць) Кацярына Комава, піша Flashnord.com.
«Сёння заходзілі ў адзін з павільёнаў нашага гораду. І пакуль стаялі ў чарзе, погляд скіраваўся на тэрмінал аплаты. Ну, тэрмінал як тэрмінал. Але справа ў верхнім куце красуецца абразок. Падышлі бліжэй і былі ў лёгкім шоку. Значыць, цяпер у дадзеным тэрмінале я магу паставіць свечку за здароўе і спачын ды таксама замовіць малітву, аплаціўшы 50 рублёў. Ачмурэць! І смех і грэх, як той казаў… Я, вядома, усё разумею, але гэта ўжо занадта… Так і прадставіла бацюшку перад кампʼютарам, каб паглядзець, за каго ж памаліцца», – распавяла спадарыня Кацярына.
Як паведамілі «Інтэрфаксу» у Калужскай епархіі, устаноўка тэрміналаў адбылася з ініцыятывы аднаго з вернікаў і Царквой не вітаецца.
«Асноўны матыў падачы запісак, каб чалавек асабіста прыходзіў у царкву і ўдзельнічаў», – падкрэслілі ў епархіі.
Тэрміналы зʼявіліся з дазволу святара мясцовай святыні, які, па словах прадстаўніка епархіі, у сітуацыі не разабраўся. Тэрміналы будуць дэмантаваныя.
МЯ, паводле flashnord.com, interfax.ru