Праваслаўная царква ідзе ў школы


У школах Берасця зʼявіліся абʼявы, у якіх бацькоў просяць дазволіць іх дзецям стаць удзельнікамі «мерапрыемстваў», што праводзяцца праваслаўнай царквой.

Поўны тэкст абʼявы выглядае наступным чынам:

«Міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Мітрапалітам Менскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам была зацверджана Праграма супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквы на 2015 -2020 гг. Згодна з вышэйзгаданым дакументам у школе распрацаваны план мерапрыемстваў у рамках супрацы з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Ці згодныя Вы, каб вашае дзіцё наведвала мерапрыемствы, запланаваныя ў межах дадзенага плана?»

Бацькі павінны напісаць у бланку «за» ці «супраць» удзелу сваіх дзяцей у праекце праваслаўнай царквы і Міністэрства адукацыі. Пры гэтым у абʼяве забываюцца сказаць, што Беларуская праваслаўная царква падпарадкоўваецца Рускай праваслаўнай царкве, а кіруе БПЦ грамадзянін Расеі Павел Панамароў, які быў прызначаны на пасаду Мітрапаліта Беларусі ў снежні 2013 года.

Дамова паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой была падпісана ў 2003 годзе, а цяпер рэалізуецца сумесны план мерапрыемстваў на 2015-2020 гады. Згодна з гэтым планам пройдуць: мерапрыемствы, прысвечаныя памяці праваслаўных святых, падзвіжнікаў, дзеячаў праваслаўнай асветы, у прыватнасці 795-годдзя з дня нараджэння святога князя Аляксандра Неўскага і 90-годдзю з дня нараджэння Алексія II, Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі. Будуць папоўнены фонды школьных бібліятэк літаратурай па духоўна-маральнаму выхаванню. Праведзены прафілактычныя мерапрыемствы накіраваныя на недапушчэнне ўцягвання навучэнцаў і супрацоўнікаў устаноў адукацыі ў дзейнасць дэструктыўных і незарэгістраваных арганізацыяў палітычнай і рэлігійнай скіраванасці.

Праведзены семінары для спецыялістаў адукацыі па арганізацыі факультатыўных заняткаў, пазаўрочных мерапрыемстваў, накіраваных на вывучэнне духоўна-маральнай і культурнай спадчыны праваслаўя, яго ролі ў патрыятычным выхаванні дзяцей і вучнёўскай моладзі.

Кіраўніцтва адной з берасцейскіх школаў пагадзілася патлумачыць сітуацыю толькі на ўмовах ананімнасці: Так, сапраўды міністэрства адукацыі нам спускае планы, якія мы абавязаны выконваць. Цяпер мы хочам даведацца меркаванне бацькоў па гэтым пытанні:

«Гэтыя мерапрыемствы ўключаюць у сябе сустрэчы дзяцей са святарамі і наведванне музею пры праваслаўнай царкве. Не ведаю, ці могуць прадстаўнікі іншых рэлігія прыходзіць да нас у школу, трэба ўзгадненне ў аддзеле адукацыі, але наколькі я ведаю дамову з Міністэрствам адукацыі мае толькі праваслаўная царква. Іншыя цэрквы, напэўна, не звярталіся».

Таксама папрасіла не называць яе імя маці дзіцяці якая заўважыла небяспеку з боку праекту праваслаўнай царквы і школы. Вось што яна распавяла Белсату:

«Я лічу гэта навязваннем рэлігіі. Быццам бы ў бацькоў ёсць выбар – адмовіцца, але ў школе не прапануюць іншыя рэлігіі і мерапрыемтвы гэтыя ідуць пад час “прадлёнкі” ці факультатываў. І шмат бацькоў пагаджаецца на гэта, як на ўсе дадатковыя гурткі. Я лічу, што ў нашай шматрэгійнай дзяржаве ўмяшальніцтва любой рэлігіі ў школу недапушчальна, а расейскай праваслаўнае царквы тым больш. Яе кіраўніцтва далёка не прыклад для дзяцей, у інтэрнэце можна знайсці сведчанне, што прадстаўнікі РПЦ агрэсіўна заклікаюць да гвалту ды ўхваляюць войны. Зараз расейская праваслаўная царка цесна звязана з расейскай палітыкай, знаходзіцца пад яе ўплывам, гэта нясе небяспеку нашай краіне».

ХВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары