У Расеі вырашылі, што акупаваны Крым будзе жыць па сцэнары Паўночнага Кіпру


У Расеі ўжо прызналі, што санкцыі Захаду істотна зніжаюць магчымасці развіцця анексаванага Крыму, перадаюць «Новости Крыма».

Як заявіў міністр РФ па справах акупаванага паўвостраву Алег Савельеў, галоўнае адрозненне эканамічнай стратэгіі анексаванага Крыму ад астатніх субектаў Федэрацыі – у шырокай варыятыўнасці, звязанай з рознымі сцэнарамі развіцця палітычнай сітуацыі.

Савельеў паведаміў, што ў цяперашні час уважліва вывучаецца вопыт паўночнага Кіпру і іншых непрызнаных тэрыторый. «Мы спрабуем пралічыць розныя варыянты з улікам больш жорсткага ціску звонку», – сказаў расейскі чыноўнік.

Міністр падкрэсліў, што ключавая задача, якую неабходна вырашыць незалежна ад санкцыяў, – гэта інфраструктурная незалежнасць паўвостраву. «Такія рэаліі сённяшняга дня: мы не можам разлічваць на паўночны транспартны калідор, на стабільныя пастаўкі электраэнергіі, газу, вады. Прынята прынцыповае рашэнне, што мы будзем нарошчваць уласную генерацыю і забяспечым энергамост, дастатковыя ператокі электрычнасці з Краснадарскага краю», – сказаў Савельеў.

Турэцкая Рэспубліка Паўночнага Кіпру, абвешчаная пасля ўварвання турэцкіх узброеных сілаў на Кіпр у 1974 годзе, заявіла пра сваю незалежнасць у 1983 годзе. У 2004 годзе тэрыторыя Паўночнага Кіпру была фармальна ўключана ў склад Еўрапейскага Звязу як частка Рэспублікі Кіпр. Паўночны Кіпр прызнаюць Турцыя і Абхазія. Усе астатнія дзяржавы-чальцы ААН прызнаюць тэрыторыю Паўночнага Кіпру як частка рэспублікі Кіпр.

Нядаўна падчас інтэрнэт-галасавання на сайце прарасейскай «Крымскай праўды» 61% жыхароў Крыму выказаліся за вяртанне ва Украіну.

МЯ, belsat.eu, паводле unian.net

Стужка навінаў