У Расеі паведамляюць, што самалёт з турыстамі ў Егіпце разбурыўся ў паветры


Пасажырскі самалёт, які пацярпеў крушэнне ў Егіпце, разбурыўся ў паветры. Пра гэта заявіў у нядзелю, 1 лістапада, выканаўчы дырэктар Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэту Віктар Сарочанка пасля агляду месца крушэння лайнера.

Пра гэта інфармуе interfax.ru.

«Рана казаць пакуль пра высновы. Разбурэнне адбылося ў паветры, і фрагменты раскіданыя на вялікай плошчы каля 20 квадратных кіламетраў», – паведаміў Віктар Сарочанка.

Раней паведамлялася, што выратавальнікі пашырылі зону пошукаў вакол месца крушэння да 15 квадратных кіламетраў. Цела адной з ахвяраў авіякатастрофы было знойдзена ў васьмі кіламетрах ад месца падзення самалёта, падае tvrain.ru.

Егіпецкая групоўка, звязаная з «Ісламскім дзяржавай», заявіла аб сваёй адказнасці за крушэнне А321. Міністр транспарту РФ Максім Сакалоў, аднак, заявіў, што інфармацыі, якая пацвярджае тое, што лайнер быў збіты ракетай, няма. Егіпецкія вайскоўцы таксама не бачаць доказаў таго, што да крушэнне расейскага пасажырскага самалёта могуць быць датычныя тэрарысты.

У нядзелю расейскія і егіпецкія эксперты прыступілі да расшыфроўкі дадзеных з бартавых самапісцаў самалёта. Да расследавання таксама падключацца два спецыялісты з французскага Агенцтва па бяспецы грамадзянскай авіяцыі, шэсць прадстаўнікоў авіябудаўнічай кампаніі «Airbus» і два эксперты з Нямеччыны. Міністр транспарту РФ Максім Сакалоў раней паведаміў, што слядоў тэрмічнага ўздзеяння на чорных скрынях не выявілі.

Пасажырскі самалёт А321 авіякампаніі «Кагалымавиа», які здзяйсняў рэйс з Шарм-эль-Шэйху ў Пецярбург, вылецеў раніцаю ў суботу, 31 кастрычніка, і праз 23 хвіліны знік з радараў. На борце знаходзіліся 224 чалавекі. Усе яны загінулі. Ратавальнікі выявілі абломкі лайнера ў гарыстай мясцовасці на Сінайскай паўвыспе. На борце знаходзіўся маладзён, які меў беларускае грамадзянства. Яшчэ дзве асобы – муж і жонка – паходзілі з Беларусі, але ўжо доўгі час жылі ў Расеі.

МЯ, паводле tvrain.ru, interfax.ru

Стужка навінаў