У Міёрах прайшоў фестываль «Еўрапейскія прысмакі»


Горад аб’яднаў кухараў нацыянальнай кухні з Віцебскай вобласці ды гасцей з Латвіі. Чаго тут толькі не было! Беларускія стравы ды напоі, прыгатаваныя па старажытных рэцэптах, таксама сапраўдная латгальская каша, піва і сыр.

На дзень міёрскі парк адпачынку «Паўвостраў» ператварылася ў кулінарную тэрыторыю. Адкрывала фестываль Майра Мора, кіраўніца прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі. Дыпламату вельмі спадабаліся бульбяная бабка з салам, прыгатаваная Вольгай Мароз з аграсядзібы «Баба Мароз»ды блінцы ад старавераў з Шаркаўшчынскага раёну.

Людміла Ананіч, якая частавала імі гасцей фестывалю, раскрыла сакрэт блінцоў: замешваюць іх на мінеральнай вадзе, а не на малацэ ці на кефіры. І пякуць на патэльні на драўлянай калодзе, выбіраючы толькі сасну ці елку. З кухні старавераў мне таксама запомніліся аўсяныя аладкі ды бабовыя піражкі.

Гарбатай з зёлак паіў Васіль Шкіндзер, гаспадар аграсядзібы «Поўсвіж». Зёлкі наліваў са звычайнага заварніка, а кіпень – з бліскучага самавара, якому ўжо больш за стагоддзе. Спадар Васіль і яго сын прывезлі на фестываль і старыя гаспадарчыя рэчы, якія захоўваюцца ў іх асабістым музейчыку ў аграсядзібе. Спадар Васіль смяецца ды кажа, што такіх экспанатаў, як у яго, хопіць на тры музеі!

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

Хатнім хлебам з буракоў ды морквы частаваў Якаў Серафімовіч з сядзібы «Аграхутар», што знаходзіцца ў Скрабатунах. Для спадара Якава выпечка хлеба – новы занятак, які ён будзе ўдасканальваць. Асноўнае, з чаго жыве яго сядзіба – коні! Іх ужо каля трыццаці. Сваім гасцям гаспадар прапаноўвае верхавыя прагулкі па маляўнічых месцах вакол азёраў.

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

Які кулінарны фестываль без майстар-класаў?! Кухар Аляксандр Чыкілеўскі на сцэне вучыў гатаваць салаты ды правёў для ахвочых кулінарныя конкурсы.

Госці фестывалю і пад’елі, і нацыянальныя песні паслухалі, і сувеніры ад народных майстроў набылі. А дзеці нават і адукацыйную лекцыю паслухалі пра тое, як захаваць чысціню рэк і выявіць узровень забруджанасці вады ў рацэ. Яе арганізатары – удзельнікі ініцыятывы «Малыя рэкі – вялікія праблемы: працуем разам над абаронай і будучыняй малых рэк басейну ракі Дзісна».

Фестываль «Еўрапейскія прысмакі» завітаў у Віцебскую вобласць невыпадкова. У мінулым годзе менавіта Віцебшчына ўступіла ў Еўрапейскую сетку кулінарнай спадчыны ды ўдзельнічае ў праекце «Bella Cuisine». На гастранамічнай мапе рэгіёна на сайце culinary-heritage.com змясцілі трыццаць унікальных рацэптаў, стравы з якіх можна паспрабаваць у кавярнях, рэстарацыях ды аграсядзібах Віцебскай вобласці.

Марына Яўсейчык, belsat.eu

Стужка навінаў