У Менску пачаўся працэс над намеснікам кіраўніка «Беларусбанку». Ён прызнаўся ў атрыманні хабару на больш як $ 200 тыс.


Генадзя Гаспадарыка абвінавачваюць у атрыманні і дачы хабару, а таксама ў злоўжыванні ўладай. Ён прызнаў віну па большай частцы выстаўленых абвінавачванняў.

Справа разглядаецца ў Цэнтральным раённым судзе Менску.

Банкір прызнаў, што атрымліваў хабар 6 разоў: $4 тыс., 3 тыс. еўра, $70 тыс., $90 тыс., $32 тыс., $14 тыс. Грошы ён атрымліваў за садзейнічанне прыватным структурам у перамозе ў тэндэрах на закупку тэхнікі для банку. Віну ў злоўжыванні ўладаю і службовымі паўнамоцтвамі Гаспадарык не прызнаў.

Разам з Гаспадарыкам судзяць намесніка дырэктара дэпартамента – начальніка ўпраўлення касавага абслугоўвання дэпартамента па працы з каштоўнасцямі «Беларусбанку» Мікалая Цырто. Паводле следства, ён рыхтаваў тэхнічныя заданні і конкурсныя дакументы для закупу абсталявання банку і афармляў паперы так, каб кампаніі, якія давалі хабар Гаспадарыку, аказваліся ў больш выгадным становішчы. Цырто на судзе заявіў, што сваё стаўленне да абвінавачванняў агучыць падчас допытаў. Яго вінавацяць у атрыманні хабару, дачы хабару, злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі.

Судовы працэс працягнецца 20 ліпеня.

Гаспадарыка затрымалі 15 чэрвеня пры атрыманні хабару ў $ 14 тысяч. З таго часу першы намеснік старшыні праўлення «Беларусбанку» знаходзіцца пад вартай.

Топ-менеджару «Беларусбанку» пагражае да 15 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці.

Генадзь Гаспадарык нарадзіўся ў 1960 годзе ў вёсцы Нялепава Нясвіжскага раёну Менскай вобласці. Скончыў Берасцейскі інжынерна-будаўнічы інстытут і БДЭУ. Працоўны шлях пачынаў у 1981 годзе майстрам у «Смаленскмеліярацыі».

У банкаўскую сістэму прыйшоў пасля службы ў войску. З 1983 да 1987 года працаваў інжынерам у Кастрычніцкім і Савецкім аддзяленнях ды начальнікам аддзелу Менскага гарадскога ўпраўлення «Будбанку СССР». У 1988–1991 гадах – намеснік начальніка ўпраўлення, галоўны інжынер упраўлення інжынерна-тэхнічнага кантролю Беларускага рэспубліканскага «Жылсацбанку СССР». З 1991 да 1994-га – працаваў намеснікам начальніка аддзелу, які кіраваў Траецкім аддзяленнем Галоўнага ўпраўлення Нацбанку па Менску.

Чытайце таксама >>> Кліенты «Беларусбанку» скардзяцца на незразумелыя спісанні грошай з картак: «У калегаў знялі 4 мільёны»

У 1997-м – прызначаны начальнікам Менскага гарадскога ўпраўлення, а 2002-м – намеснікам праўлення «Беларусбанку». Праз 10 гадоў стаў першым намеснікам старшыні праўлення гэтага банку.

Чытайце таксама >>> Нацбанк растлумачыў, навошта выставяць на продаж пакет акцыяў «Беларусбанку»

ДР belsat.eu

Стужка навінаў