«Менскбуд» прапаноўвае пабудаваць кватэры працаўнікам дзяржаўных медыяў у мікрараёне Чыжоўка-6а ў Менску.
Паводле праектнай дэкларацыі, якая апублікаваная ў газеце «Звязда», на зямельным участку плошчай 6,31 га пабудуюць 8 жылых дамоў стандартных серый МАПІД. Першым будзе 19-павярховы гмах на 132 кватэры.
82 кватэры прызначаюцца грамадзянам, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў у адміністрацыях раёнаў Менску, пераважна шматдзетным сем’ям.
Яшчэ 50 кватэр прапануюць працаўнікам дзяржаўных медыяў, у тым ліку Нацыянальнага прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў па месцы працы, за кошт уласных сродкаў.
Кошт будаўніцтва 1 кв. метра агульнай плошчы жылых памяшканняў з выкананнем унутраных аздобных прац, складзе 1 332,15 рубля для нармаванай плошчы жылога памяшкання і 1 980 рубля для плошчы жылога памяшкання, што перавышае нармаваную.
Меркаваны тэрмін уводу дому ў эксплуатацыю – 28 лютага 2021 года.
Мікрараён Чыжоўка-6а знаходзіцца паміж вуліцамі Убарэвіча і Карзюкі.
МГ belsat.eu