Лукашэнка падпісаў указы аб будаўніцтве ў Менску басейну і футбольнага стадыёну


Аляксандр Лукашэнка 13 жніўня падпісаў указ №306 аб рэалізацыі праекту будаўніцтва «Нацыянальнага футбольнага стадыёну» і ўказ №307 аб будаўніцтве «Басейну міжнароднага стандарту». Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Праекты мусяць быць рэалізаваныя да 31 снежня 2023 года. Стадыён і басейн плануецца ўзвесці за сродкі Кітаю.

«Будаўніцтва будзе выкананая пад ключ кітайскім бокам з далейшай перадачай збудаваных абʼектаў беларускаму боку. Праектаванне і будаўніцтва будуць ажыццяўляцца пры абавязковым захаванні тэхнічных патрабаванняў Міжнароднай федэрацыі плавання (FINA) і міжнародных футбольных федэрацыяў (FIFAи UEFA)», – падкрэсліваюць у прэс-службе Лукашэнкі.

Адзначаецца, што ў цяперашні час вядуцца падрыхтоўчыя працы па арганізацыі двух пляцовак для будаўніцтва стадыёна і басейна ў Менску. Дзяржаўныя ўстановы «Нацыянальны алімпійскі стадыён «Дынама» і «Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па водных відах спорту» вызначаныя атрымальнікамі тэхніка-эканамічнай дапамогі і арганізацыямі, якія забяспечваюць суправаджэнне праектаў ад пошукаў да ўводу ў эксплуатацыю аб’ектаў.

Футбольнаму стадыёну выдзелілі пляцоўку на Ванеева каля стадыёна «Трактар», ён разлічаны на 33 тысячы месцаў. Агульная плошча забудовы складае прыкладна 48 тысяч квадратных метраў. Басейн будзе разлічаны на 6 тысяч месцаў, агульная плошча забудовы на вуліцы Кальварыйская складае прыкладна 40 тысяч квадратных метраў.

Кітай хоча падарыць Беларусі футбольны стадыён і басейн

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары