У Лідзе з'явіцца помнік Гедыміну


Лідскі выканкам праводзіць конкурс эскізных праектаў помніка «Заснавальнік замка – князь Гедымін». Паведамляецца, што помнік разлічваюць усталяваць у скверы на скрыжаванні вуліц Грунвальдская і Замкавая, каля паўночнай сцяны Лідскага замка.

Удзельнікам конкурсу могуць стаць толькі тыя скульптары і архітэктары, якія маюць прафесійную адукацыю.

У выканкаме адзначаюць, што «кампазіцыйнае і пластычнае рашэнне помніка павінна быць вытрымана ў найлепшых традыцыях класічнага нацыянальнага манументальнага мастацтва».

Ці будуць кампенсавацца затраты скульптара на ўзвядзенне манумента, не паведамляецца.

Гедымін – вялікі князь літоўскі (1316–1341), падчас ягонага кіравання тэрыторыя ВКЛ павялічылася ўдвая. Гедымінам лічыцца заснавальнікам Ліды: у 1323 году вялікі князь пачаў будаўніцтва Лідскага замка, вакол якога паступова вырасла паселішча.

ІІ, belsat.eu, паводле «Бизнес-Лида»

Стужка навінаў