У Кіеве знайшлі мёртвым расейскага журналіста


Аляксандр Шчацінін. Фота pravda.com.ua

У Кіеве знайшлі цела журналіста, заснавальніка расейскага інфармацыйнага агенцтва «Новый регион» Аляксандра Шчацініна.

Як паведамілі ў прэс-службе кіеўскага Галоўнага ўпраўлення Нацпаліцыі, паведамленне пра выяўленае цела паступіла ў паліцыю каля паўночы.

«На балконе выявілі мужчыну з агнястрэльным раненнем галавы. Паводле папярэдніх высноў судмедэксперта, смерць наступіла ў перыяд ад 20:00 да 21:30», – адзначылі ў паліцыі.

«Высветлілася, што ураджэнец Расейскай Федэрацыі, 1962 года нараджэння, некалькі гадоў жыў у Кіеве, быў дырэктарам інтэрнэт-выдання. Пры аглядзе месца здарэння праваахоўнікі канфіскавалі стрэляную гільзу, траўматычны пісталет, магазін да яго і перадсмяротную запіску. Дзверы ў кватэру былі зачыненыя, абсталяванне ў доме не парушанае», – адзначаюць паліцыянты.

Па факце распачата крымінальная вытворчасць па ч. 1 арт. 115 (наўмыснае забойства) Крымінальнага кодэксу Украіны з дадатковай прававой кваліфікацыяў – «самагубства».

Аляксандр Шчацінін жыў у Кіеве з 2005 года. Як адзначае суполка «Киев Оперативный» у «Фэйсбуку», выявілі цела журналіста на балконе ягоныя сябры, якія прыйшлі павіншаваць яго з днём нараджэння.

«Аляксандр сядзеў на крэсле з агнястрэльным раненнем у галаву, пад крэслам ляжаў пісталет. Паводле інфармацыі з вартых даверу крыніц, справа пакуль разглядаецца як самагубства, бо аднаму з блізкіх Аляксандр адправіў электронны ліст, у якім паведамлялася аб намеры пакончыць з сабой», – гаворыцца ў паведамленні.

Аляксандр Шчацінін ў 1998 годзе заснаваў агенцтва «Новый регион». У «Нового региона» была сеткавая структура – філіялы выдання былі ў шмат якіх рэгіёнах Расеі, Украіны ды іншых краінах. У лютым 2014 года Шчацінін абвясціў пра сыход з пасады галоўнага рэдактара праз ціск расейскіх уладаў, якім не падабалася, як «Новый регион» асвятляў падзеі ва Украіне.

У сакавіку 2015 года Вярхоўны суд Расеі на патрабаванне Федэральнай служба па наглядзе ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый забараніў дзейнасць «Нового региона» як СМІ.

Глядзіце яшчэ >>> Сорак дзён без Паўла Шарамета. Што высветлілі следчыя за гэты час? 

МЯ, паводле pravda.com.ua

Глядзі таксама
Каментары