Сорак дзён без Паўла Шарамета. Што высветлілі следчыя за гэты час?


Вядомага беларускага журналіста памінаюць на менскіх Паўночных могілках калегі, сябры ды родныя. Хто і навошта забіў Паўла ліпеньскаю раніцай у самым цэнтры ўкраінскай сталіцы? Дакладных адказаў на гэтыя галоўныя пытанні пакуль няма ні ў каго.

Ад чатырох да шасці версіяў забойства, каля 500 апытаных сведкаў ды больш за 2 гігабайты вывучанага відэа з месца забойства – такі вынік 40 дзён працы ўкраінскага следства ў справе Паўла Шарамета. Але канкрэтных вынікаў няма – да сённяшняга дня забойцаў журналіста не знайшлі, асобы галоўных падазраваных застаюцца нявысветленымі.

ЛЮДМІЛА ШАРАМЕТ, МАЦІ ПАЎЛА ШАРАМЕТА:

«Што датычыць забойцы, я магу сказаць, што ён мяне не цікавіць, у мяне няма ўжо сына. І гэта самае страшнае. А ўсё астатняе – гэта на іхнай свядомасці, ім з гэтым жыць».

Пра адсутнасць прагрэсу ў расследаванні справы ў забойстве Шарамета на мінулым тыдні заявіла і кіраўніца Нацыянальнай паліцыі Украіны Хація Дэканаідзэ, хоць і адзначыла пры гэтым вялікі прарыў у вывучэнні матэрыялаў справы. Днямі Пячэрскі раённы суд Кіева дазволіў следчым, якія займаюцца справаю Шарамета, ускрыць ягоны банкаўскі сейф, бо існуе верагоднасць знішчэння дакументаў журналіста, якія могуць праліць святло на гэтае забойства.

СЯРГЕЙ ГЕЛЬБАХ, БЫЛЫ КАЛЕГА ПАЎЛА ШАРАМЕТА:

«Хай не думаюць, што яны нас не чуюць. Яны нас добра чуюць. А дзе Дзіма Завадскі? Ягоная маці нават не можа прыйсці да яго і паплакаць. Гэта жудасна».

Апроч галоўнай версіі забойства – прафесійная дзейнасць журналіста, следчыя не выключаюць і іншых, у тым ліку асабістыя непрыязныя адносіны, дэстабілізацыя абстаноўкі ва Украіне і памылка забойцаў, якія планавалі забіць ягоную грамадзянскую жонку і кіраўніцу «Украінскай праўды» Алёну Прытулу, бо менавіта ёй належыў узарваны аўтамабіль з Шараметам.

ЛЕАНІД МІНДЛІН, КІНАДАКУМЕНТАЛІСТ, БЫЛЫ КАЛЕГА ПАЎЛА ШАРАМЕТА:

«Я б хацеў быць аптымістам і веру, што гэтае забойства будзе раскрытае. Але настолькі розныя палітычныя інтарэсы вакол гэтай справы, гэтага забойства, што цяжка сказаць…»

Павел Шарамет загінуў зранку 20-га ліпеня ў Кіеве, калі ехаў на працу. Выбуховую прыладу, якая спрацавала ў аўтамабілі з журналістам пры дапамозе дыстанцыйнага кіравання, напярэдадні забойства заклалі невядомыя жанчына і мужчына. Украінскія праваахоўнікі кваліфікавалі гэтае забойства як «наўмыснае, здзейсненае спосабам, небяспечным для жыцця шмат якіх асобаў».

Віталь Бабін, «Белсат»

Стужка навінаў