У інтэрнэце з’явілася Кніга памяці ахвяраў дзедаўшчыны ў беларускім войску

Wideo

Грамадзянская кампанія Цэнтр правоў прызыўніка будзе збіраць звесткі пра дзедаўшчыну ў беларускім войску, каб ушанаваць памяць ахвяр беззаконня ва Узброеных сілах.

«Беларускае грамадства скаланаюць весткі аб гібелі жаўнераў тэрміновай службы ў войску, вядома па меншай меры аб чатырох выпадках у гэтым годзе. Толькі на фоне грамадскага абурэння прадстаўнікі Мінабароны паведамляюць пра, па іх словах, нізкія, але ўсё ж існуючыя паказчыкі смерцяў у войску і заведзеныя крымінальныя справы. Цэнтр правоў прызыўніка прадстаўляе Кнігу памяці, каб разглядзець за сухімі лічбамі статыстыкі асобы і гісторыі хлопцаў, чый абавязак Радзіме абышоўся занадта вялікім коштам», – адзначаюць у кампаніі.

Цэнтр правоў прызыўніка будзе публікаваць у Кнізе памяці знойдзеныя ў адкрытых крыніцах трагічныя выпадкі, якія адбыліся з жаўнерамі тэрміновай службы. Актывісты кампаніі таксама заклікаюць сваякоў і сяброў загінулых дасылаць іх гісторыі аб дзедаўшчыне.

«Такія гісторыі не павінны замоўчвацца. Войска не павінна прыпадабняцца цмоку, які забірае лепшых юнакоў, каб іх з’есці», – мяркуюць у кампаніі.

Кніга памяці. Скрыншот з сайту povestka.by

 

Паводле прадстаўніка Цэнтра правоў прызыўніка Кірыла Пятрэнка, для грамадзянскай кампаніі тэма дзедаўшчыны новая, бо раней актывісты займаліся пераважна ўмовамі прызыву на тэрміновую службу і звярталіся да іх звычайна не самі жаўнеры, а іх сваякі ці сябры.

«Дзедаўшчына гэта новая тэма для нас, па якой прыйдзецца шукаць спосабы вырашэння пытанняў па дапамозе грамадзянам. Баюся, што з прававымі спосабамі сітуацыя несуцяшальная – вайсковыя часткі закрытыя для публікі, грамадскага кантролю няма, дні наведванняў у часткі і адпачынкі – ледзь не адзіныя магчымасці для сваякоў убачыць жаўнера. Але на дадзены момант пры паступленні да нас такіх зваротаў па меншай меры будзем раіць біць ва ўсе званы і звяртацца ў незалежныя СМІ. Падзеі апошніх тыдняў паказалі, наколькі эфектыўна гэта можа быць. Спадзяюся, што ў наступны раз ахвяр атрымаецца пазбегнуць», – адзначыў Кірыл Пятрэнка ў размове з belsat.eu.

Цэнтр правоў прызыўніка – грамадзянская кампанія, якая была створана ў 2010 годзе на базе кампаніі «За альтэрнатыўную грамадзянскую службу ў Беларусі».

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары