У гандлёвым цэнтры ў Менску невядомы з бензапілой і сякерай напаў на пакупнікоў. Адна дзяўчына загінула (Абноўлена)


У гандлёвым цэнтры «Еўропа» ў цэнтры Менску невядомы мужчына з бензапілой і сякерай напаў на наведнікаў. Адна дзяўчына памерла ад траўмаў, нанесеных мужчынам.

Пра гэта афіцыйна заявілі першы намеснік старшыні Следчага камітэту Беларусі Аляксей Волкаў і начальнік Галоўнага ўпраўлення Унутраных справаў Менгарвыканкаму Аляксандр Барсукоў. Інфармацыя пра двух нападнікаў не пацвердзілася: на людзей нападаў адзін маладзён. Спачатку ён трымаў у руках бензапілу, а пасля кінуў яе і дастаў з чахла ад гітары сякеру, што магло змыліць відавочцаў.

Пазней высветлілася, што мужчына зайшоў у цэнтр праз бакавы ўваход ды напаў з бензапілой на дзяўчат, якія сядзелі каля піцэрыі. Адна дзяўчына атрымала смяротныя траўмы. Інфармацыя пра іншых параненых правяраецца.

Праз некаторы час працаўнікі і наведнікі кавярні бачылі, як па калідоры цэнтру бяжыць натоўп людзей, а за імі гоніцца мужчына ў масцы і з сякерай. Некаторыя падумалі, што ладзіцца нейкае шоу, бо маладзён быў надзвычай прыстойна апрануты.

Нападнік затрыманы – гэта 18-гадовы хлопец, жыхар Менску. Матывы злачынства пакуль невядомыя. Узбуджана крымінальная справа паводле арт. 139 ч.2 (забойства пры ацягчальных абставінах).

Тэрыторыя на месцы злачынства ачэпленая, ля ўваходу ў гандлёвы цэнтр стаіць машына хуткай дапамогі і міліцыя.

МЯ, паводле tut.by

Глядзі таксама
Каментары