У Францыі супермаркетам забаранілі выкідваць прадукты


Францыя стане першаю краінай у свеце, у якой супермаркетам забаранілі выкідваць харчы ў сметніцу. За парушэнне – штрафы і нават турма.

Гэта датычыць прадуктаў, у якіх канчаецца тэрмін прыдатнасці. Цяпер такія прадукты супермаркеты будуць вымушаныя ахвяраваць дабрачынным арганізацыям і так званым «харчовым банкам».

Адпаведны законапраект быў адзінагалосна прыняты Сенатам Францыі пад уплывам доўгатэрміновай кампаніі актывістаў, якія змагаліся супраць беднасці і заклікалі ўрад знізіць харчовыя адкіды.

Валанцёры ўжо цяпер прапаноўваюць сваю дапамогу ў сартаванні і распаўсюдзе прадуктаў.

Таксама законам уводзяцца захады ў перадухіленні знішчэння супермаркетамі прадуктаў перад выкіданнем.

Раней паведамлялася пра выпадкі, калі вялікія крамы наўмысна вылівалі адбельвальнік на выкінутыя прадукты, каб ніхто не змог іх зʼесці.

Пасля паспяховай кампаніі ў Францыі актывісты будуць заклікаць далучыцца да новай ініцыятывы і іншыя краіны Еўразвязу.

«Бітва толькі пачынаецца. Цяпер мы будзем змагацца са знішчэннем харчоў у рэстаранах, булачных, школьных сталоўках і сталоўках кампаніяў», – заявіў Араш Дэрамбаш, муніцыпальны дарадца гораду Курбэвуа.

Закон будзе распаўсюджвацца на крамы плошчаю не менш за 400 квадратных метраў. Уладальнікі супермаркетаў падпішуць кантракты з дабрачыннымі арганізацыямі. Парушэнне закону пацягне штраф памерам 75 тыс. еўраў альбо нават два гады пазбаўлення волі.

НМ, belsat.eu, паводле The Guardian

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары