У фінале Кубка Беларусі па футболе згуляюць БАТЭ і «Тарпеда-БелАЗ»


Сталі вядомыя ўдзельнікі фіналу Кубка Беларусі, які адбудзецца 21 траўня ў Берасці.

Першым фіналістам стаў жодзінскі клуб «Тарпеда-БелАЗ», які пасля нічыёй (1:1) 20 красавіка ў Жодзіне супраць «Менску» змог 4 траўня перамагчы ў сталіцы – 1:0.

А вось БАТЭ выйшаў у фінал ні разу не перамогшы ў паўфінале. Пасля 2:2 на Наваполацку ў гульне з «Нафтанам» чэмпіён Беларусі і ўладальнік Кубка краіны не змог перамагчы і на «Барысаў-Арэне», зноў згуляўшы ўнічыю – 0:0. Тым не менш барысаўская дружына прабілася ў фінал дзякуючы большай колькасці галоў, забітых на чужым полі.

Фінал з удзелам БАТЭ і «Тарпеда-БелАЗ» ужо здараўся ў гісторыі Кубкаў Беларусі. У 2010 годзе БАТЭ выйграў жодзінцаў з лікам 5:0. З футбалістаў якія гулялі ў тым фінале ў складзе БАТЭ цяпер засталіся толькі Віталь Радзівонаў і Эдгар Аляхновіч. У складзе ж жодзінцаў няма ніводнага ўдзельніка таго матчу.

У гісторыі БАТЭ гэта будзе сёмы фінальны матч.

У выпадку перамогі «Тарпеда-БелАЗ» у фінале Кубка Беларусі жодзінцы прадставяць нашу краіну ў Лізе Еўропы, калі выйграе БАТЭ ў Лізе Еўропы будзе гуляць бабруйская «Белшына».

Прапануем вашай увазе наш агляд гульні з удзелам жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ» і «Крумкачоў»:

Алесь Ляўчук, belsat.eu, фотаздымак з афіцыйнага сайту ФК «Тарпеда-БелАЗ»

Стужка навінаў