У Докшыцкім раёне загінуў дырэктар будаўнічай кампаніі «ЯВГ-сэрвіс» Валер Янчак. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на сваякоў бізнесоўца.
Валеру Янчаку было 37 гадоў. Абставіны гібелі пакуль невядомыя. Але сваякі Янчака кажуць, што трагедыя здарылася на паляванні, а ў бізнесоўца выпадкова стрэліў старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук.
Старшыня райвыканкама не затрыманы. Каментаваць сітуацыю «НН» ён адмовіўся.
Сваякі загінулага таксама пакуль падрабязна не каментуюць трагедыю.
«Уся сям’я ў шоку, ніхто не чакаў такога выніку. Цяпер усе ў доме маці Валера, там пры ёй дзяжурыць хуткая», – распавяла «Нашай Ніве» цешча Андрэя Янчака, роднага брата загінулага.
Пра смерць бізнесоўца падчас палявання піша таксама тэлеграм-канал NEXTA. Паводле NEXTA, цяпер праваахоўнікі разбіраюцца, ці былі дзеянні Пінчука наўмыснымі або гэта быў няшчасны выпадак.
Тэлеграм-канал Следчага камітэту паведамляе пра смерць 37-гадовага мужчыны падчас палявання, але імя загінулага не называецца. Акрамя таго, здарэнне адбылося ў Гарадоцкім, а не Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці.
«Увечары 21 лютага ў праваахоўныя органы паступіла паведамленне аб гібелі 37-гадовага мужчыны падчас палявання ў лясным масіве Гарадоцкага раёна», – адзначаюць у СК.
Гарадоцкім РАСК распачатая крымінальная справа па ч.1 ст.144 (прычыненне смерці па неасцярожнасці) Крымінальнага кодэкса.
ІІ belsat.eu