Ужо ў другі раз.
Незалежна, як Беларусь выступіць на сёлетнім дзіцячым «Еўрабачанне», краіна прыме наступны песенны конкурс – ён пройдзе ў Менску ў лістападзе 2018-га.
Старонка Белтэлерадыёкампаніі падае, што калі паводле ўмоваў дарослых песенных еўрагульняў шоу арганізоўвае краіна-пераможца, то на дзіцячых – іншыя правілы: сталіцу конкурсу выбірае Еўрапейскі вяшчальны звяз, і кожная тэлекампанія, прадстаўніца ЕВЗ, мае права падаць заяўку на правядзенне шоу.
Белтэлерадыёкампанія падала – і атрымала гэтае права.
Конкурс ужо праходзіў у Менску – у 2010-м, на «Менск-арэне».
«У нас выдатная была пляцоўка ўжо ў дзясятым годзе. Ня трэба было нічога адбудоўваць, прыдумляць. Цудоўнае месца, дзе можна засяродзіць вялікую колькасць лакацыяў, каб не перасоўвацца па горадзе, таму што гэта не заўсёды зручна. Ды ізноў – нашыя гасцінічныя комплексы размешчаныя так, што ўсё блізка, зручна і кампактна. Гэта вельмі важна», – кажа Вольга Шлягер, намесніца генеральнага прадзюсара Белтэлерадыёкампаніі.
Беларусь двойчы выйгравала дзіцячае «Еўрабачанне» – у 2005-м перамагла Ксенія Сітнік з песняй «Мы разам», у 2007-м – Аляксей Жыгалковіч з кампазіцыяй «З сябрамі».
Летась Аляксандр Мінёнак заняў сёмае месца. На дзіцячым «Еўрабачанні 2017», фінал якога пройдзе 26 лістапада ў Тбілісі, Беларусь прадставіць Хелена Мерааі з песняй «Я самая».
ДД