У Беларусі – хваля узломаў акаунтаў у сацыяльных сетках


Апошнім часам у Беларусі павялічылася колькасць злачынстваў, звязаных з узломам уліковых запісаў у сацыяльных сетках. Зламыснікі дзейнічаюць па простай схеме: ўзломваюць акаунт і ад яго імя рассылаюць паведамленні сябрам з просьбай пазычыць грошай шляхам пераводу іх на банкаўскую аплатную карту альбо на абаненцкі нумар тэлефона.

Пра гэта паведамляе прэс-служба ГУУС Менгарвыканкама.

«Таксама сустракаюцца выпадкі, калі зламыснік, дзейнічаючы па той жа схеме, выманьваюць у ахвяры рэквізіты яе банкаўскай аплатнай карты (нумар карты, тэрмін дзеяння, CVV), – распавёў намеснік начальніка ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогіяў Аляксандр Грыцук. – Зламыснік кажа, што нібыта скончыўся тэрмін дзеяння яго карты, а трэба атрымаць тэрміновы перавод ці ж пад іншай добрапрыстойнай падставай просіць прадаставіць доступ да інтэрнэт-банкінгу. Атрымаўшы патрэбную інфармацыю, зламыснік пераводзіць грашовыя сродкі з рахунку ахвяры на сваю карысць».

Аляксандр Грыцук звяртае ўвагу інтэрнэт-карыстальнікаў, што не варта спяшацца выконваць просьбы сваіх знаёмых, калі атрымліваеце ад іх падобныя паведамленні. Лепш звязацца з імі па тэлефоне або мэссенджэры і ўдакладніць, ці сапраўды патрэбна дапамога.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў