У Беларусь з Украіны прарываўся джып са зброяй. СК распачаў крымінальную справу


 

Беларускія памежнікі заяўляюць, што аўта спрабавала ўехаць у Беларусь уночы 20 сакавіка. Украінскія памежнікі сцвярджаюць, што такі аўтамабіль ад іх не выязджаў.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў сувязі са спробай прарыву праз дзяржаўную мяжу Беларусі з боку Украіны аўта са зброяй і боепрыпасамі.

«Упраўленне Следчага камітэту па Гомельскай вобласці распачало крымінальную справу па ч. 2 арт. 333-1 (незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў па папярэдняй змове групай асобаў) Крымінальнага кодэкса», – падае СК.

Раней беларускія памежнікі паведамлялі, што ў панядзелак, 20 сакавіка, а 1:45 у Беларусь з Украіны праз дзяржаўную мяжу ў пункце пропуску «Аляксандраўка» спрабавала прарвацца аўта маркі «Джып».

Фота: Дзяржаўны памежны камітэт

Паводле памежнікаў, аўтамабіль пратараніў шлагбаум і праехаў праз адмысловую перашкоду, якая спыняе аўта.

Нягледзячы на ​​атрыманыя пашкоджанні, пазадарожнік паспрабаваў прарвацца на тэрыторыю Беларусі. Беларускія памежнікі адкрылі па машыне агонь з табельнай зброі. Затрымаць машыну ўдалося каля вёскі Габрылееўка Нараўлянскага раёну. У аўце было двое асобаў, памежнікі мяркуюць, што мог быць яшчэ адзін, і шукаць яго.

Паводле Следчага камітэту, у аўтамабілі знайшлі пісталет маркі ТТ і два магазіны з патронамі да яго, а таксама прадметы, якія «вонкава нагадваюць тратылавыя шашкі, электрадэтанатары, гранаты РГД-42, пластыд і самаробнае выбуховае прыстасаванне».

Фота: Следчы камітэт

Цяпер адмыслоўцы праводзяць выбуховатэхнічныя і балістычныя экспертызы ўсіх канфіскаваных боепрыпасаў.

Памежная служба Украіны сцвярджае, што адразу распачала праверку гэтага факту, і ўсталявала, што аўтамабіль мяжу Украіны ні на ўезд, ні на выезд не перасякаў.

У той жа час украінцы выставілі на мяжы з Беларуссю дадатковыя памежныя атрады і ўзмацнілі супрацу з беларускімі памежнікамі.

Памежны камітэт паведамляў таксама, што 20 сакавіка жыхар Берасця спрабаваў правезці ў Беларусь патроны да пісталетаў Макарава і Сцечкіна.

ДД

Глядзі таксама
Каментары