Турысты з Беларусі часцей за ўсіх іншых наведваюць Вільню ды Палангу


Колькасць беларускіх турыстаў у літоўскай сталіцы знізілася, але беларусы па-ранейшаму на чале рэйтынгу наведванняў Вільні.

Летась Літву наведалі 163,5 тыс. беларускіх турыстаў (другое месца пасля немцаў) – на 13 % менш, чым год раней. Прыкладна на столькі знізілася і наведвальнасць беларусамі Вільні. Гэта вынікае са звестак, якія падаў Belsat.eu Аддзел турызму Віленскага гарадскога самакіравання.

Статыстыка падлічваецца паводле колькасці начовак, праведзеных у горадзе гасцямі розных краінаў. Беларусы летась спыняліся ў Вільні на ноч 113 739 разоў – часцей за ўсіх іншых.

«У цэлым, вядома, заўважыў меншую зацікаўленасць беларускіх турыстаў у адпачынку ў Літве. Ёсць тэндэнцыя да зніжэння. Яна ў прынцыпе відавочная для ўсіх: і для гатэляў, і для гандлёвых цэнтраў у Вільні», – зазначае дырэктар агенцтва адпачынку і забаваў «Vilnius Relax» Кірыл Атаманчык.

Ён прызнаецца, што  прапанова агенцтва ў асноўным разлічаная на турыстаў з Заходняй Еўропы, але прыкладна кожны пяты кліент – з Беларусі.

Беларускіх турыстаў у літоўскай сталіцы цікавіць пераважна шопінг. Напрыклад, у віленскім гандлёвым цэнтры «Ozas» хаця і кажуць пра зніжэнне колькасці гасцей з Беларусі, але адзначаюць, што 85 % замежных пакупнікоў – нашыя суайчыннікі. У сярэднім беларускі пакупнік пакідае ў «Ozas» 149 еўраў.

Увогуле ж у беларуса і густ крыху іншы, што да Вільні, чым у заходняга еўрапейца. Акрамя стандартнага шопінгу беларусы стараюцца выбіраць нешта незвычайнае. Напрыклад, экскурсію па віленскіх падзямеллях, адзначае Кірыл Атаманчык:

«Калі людзі з Заходняй Еўропы прыязджаюць, то яны ўжо глядзяць усё, па магчымасці. Калі экскурсія, то добра, калі палётаць на паветраных шарах – цудоўна, калі з’ездзіць у Трокі – таксама цудоўна. Для іх гэта як бы прасцей. Нашыя людзі, калі ўжо былі ў Вільні, выбіраюць тое, чаго яны тут яшчэ не бачылі».

Любоў беларусаў да Друскенікаў

Druskininkai1

«Любоў беларусаў да Друскенікаў цягнецца з тых часоў, калі ў нас пабудавалі санаторый «Беларусь», яшчэ ў савецкія часы. Мы апошнія 26 гадоў вельмі шчыльна з імі супрацоўнічаем. Мы вельмі цешымся, што ў апошні час нас знайшлі не толькі кліенты гэтага санаторыю – мы іх называем «планавымі», бо яны прыязджаюць па пуцёўках – а і камерцыйныя беларускія турысты. Прыязджаюць у аквапарк, можа, крыху менш на крытую лыжную трасу, у спа-гатэлі», – распавядае Belsat.eu дырэктар Друскеніцкага цэнтру турыстычнай і бізнес-інфармацыі Рымантас Палёніс.

На гэтым курорце амаль не адчулі спаду беларускіх турыстаў (- 0,4 %). Летась тут адпачылі 22 196 беларусаў. Больш было толькі расейцаў, ды і тое не нашмат – 23 085.

«Калі беларусы з Менску пераважна ехалі ў Вільню на шопінг, то з узнікненнем праблемаў з грашыма колькасць такіх турыстаў, можа, і знізілася. Але мы прапаноўваем адпачынак, які плануюць загадзя. І тут такога вялікага ўздыму ці спаду не бывае», – тлумачыць Рымантас Палёніс.

Таксама Паланга

Як і ў Вільні, беларусы тут на першым месцы. Паводле статыстыкі Цэнтру турыстычнай інфармацыі Палангі, у мінулым годзе 11 663 беларусы наведалі балтыйскі курорт Літвы.

Kouna

Коўна

Што датычна Коўна, другога паводле велічыні гораду Літвы, то цікавасць беларускіх турыстаў да яго падае. Пра гэта сведчыць, напрыклад, статыстыка Ковенскага турыстычнага інфармацыйнага цэнтру: летась па інфармацыю туды звярнуліся толькі 282 беларусы. Годам раней такіх было амаль 800 асобаў.

Як літоўцы ставяцца да Беларусі

Паводле апытання, што праводзілася ў суседняй краіне ў 2014 годзе, 6,5 % літоўцаў назвалі Беларусь сяброўскай краінай, варожай – 19,1 %. Цікава, што ў 2006 годзе толькі 5 % літоўцаў лічылі Беларусь сяброўскай краінай, затое варожай – кожны другі.

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu, фотаздымак vilnius-tourism.lt, flickr.com, info.druskininkai.lt

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары