Ці жыве памяць пра зніклых палітыкаў?

video

У гэты дзень сямнаццаць год таму працягнуўся шэраг знікненняў палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі сталі наступнымі пасля зніклага чатырма месяцамі раней былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі. Але не апошнімі. Праз год у ліпені каля менскага лётнішча знойдуць пустое аўта аператара расейскага «Первого канала» Зміцера Завадскага.

На пачатку не падавалася, што гэтыя справы павіснуць у паветры на доўгія гады, узгадвае лідар АГП Анатоль Лябедзька сустрэчу са следчым у справе Ганчара і Красоўскага.

«Ён выйшаў са мной у калідор і сказаў – ведаеце, у нас ужо дастаткова матэрыялаў, каб ісці ў суд. Гэта было тады і на ўзроўні следчых і прафесіяналаў, было відавочна, што ўжо можна прыцягваць да адказнасці як мінімум выканаўцаў, а можа і арганізатараў гэтай справы», – распавёў Анатоль Лябедзька.

Абставіны справы засталіся за сценамі суду

Але на гэтым расследаванне і спынілася. Лёс Анатоля Красоўскага і Віктара Ганчара дагэтуль не вядомы. Гэтак жа, як і Юрыя Захаранкі. Да суда дайшло толькі ў справе Змітра Завадскага – у выкраданні журналіста абвінавацілі афіцэраў спецпадраздзялення «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка. На закрытым судовым паседжанні яны атрымалі пажыццёвыя турэмныя тэрміны. Яшчэ двое меркаваных выканаўцаў атрымалі па 25 і 12 гадоў турмы. Аднак абставіны справы не выйшлі за сцены судовае залы.

«Пры існым рэжыме – праўды ня будзе. Мы ўжо неаднойчы казалі. Чаму? Бо ўлады дагэтуль не адказалі сваякам – ці датычныя да знікнення службовыя асобы. З гэтага вынікае, што датычныя, бо інакш – яны б далі які каментар», – упэўнены Алег Волчак, былы следчы.

Улады не дазваляюць памяць пра зніклых

Дэмакратычная супольнасць ладзіць акцыі памяці ў кожную гадавіну знікнення. Гадамі раней, яны збіралі сотні, ды нават тысячы неабыякавых асобаў. Рэакцыя праваахоўнікаў збольшага была брутальнай. Сёння ж у Менску пра тое, што ў найноўшай гісторыі нашай краіны знікалі высокія пасадоўцы – апаненты дзеючай улады нагадала толькі сціплая акцыя актывістаў АГП.

«Зараз улада зрабіла ўсё, каб людзей выцесніць з вуліцы. Яна наагул баіцца ўсякай формы вулічнага пратэсту, бо гэта яе і нервуе і разгойдвае гэты рэжым», – патлумачыў Анатоль Лябедзька.

Памятаюць пра знікненні, а хутчэй – з цягам часу сумневаў усё менш – палітычныя забойствы і ў Горадні. У гістарычным цэнтры гораду трое актывістаў партыяў грамада і Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі пратрымаліся з расцяжкай у памяць зніклых толькі пяць хвілінаў. Перад акцыяй распавялі журналістам, чаму не пабаяліся нагадаць пра злачынствы.

«Людзі ў нас баяцца такога кшталту мерапрыемстваў, акцыяў, але я лічу, што баяцца няма чаго, калі робіш слушную справу – баяцца мусяць тыя, хто табе перашкаджаюць», – зазначыў Анатоль Мышкевіч, удзельнік акцыі.

Тым не меней, на менскіх вуліцах нам сёння не ўдалося знайсці таго, хто б ня памятаў імёнаў зніклых.
Хаця сапраўдныя прычыны знікненняў застаюцца таямніцай, мяркуецца, што карані злачынстваў варта шукаць на самым вышэйшым узроўні праўладнай вертыкалі.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота – ciwr.org

Глядзі таксама
Каментары