Ці прымусіць Пуцін Беларусь выкарыстоўваць расейскія парты для перавозкі нафтапрадуктаў?


Тэрмінал "Усць-Луга ойл". Фота - vedomosti.ru

Міністэрства транспарту Расеі заяўляе, што пераарыентацыя беларускіх нафтапрадуктаў з партоў краінаў Балтыі на расейскія пачнецца ўжо ў 2017 годзе. Раней беларускі бок выказваў сумневы наконт эканамічнай прывабнасці гэтага маршруту і заяўляў, што ад балтыйскага напрамку адмаўляцца не збіраецца.

На дадзены момант Беларусь транспартуе вырабленыя з расейскай сыравіны нафтапрадукты пераважна ў парты ў Вентспілсе, Клайпедзе і Муўзе. Масква хоча каб транспартаванне ішло праз расейскія парты, аднак для беларускага боку гэта не выгадна – балтыйскія парты бліжэй і прадастаўляюць больш нізкія тарыфы.

У жніўні прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін фактычна прапанаваў прымусіць Беларусь выкарыстоўваць расейскую інфраструктуру: гаворка ішла пра тое, каб прапісаць гэты абавязак у дамовах пра пастаўкі нафты.

У кастрычніку віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка запэўніў журналістаў, што патрабаванне Масквы не з’яўляецца ўльтыматумам.

Уладзімір Сямашка

«Я не лічу гэта ўльтыматумам, ёсць абсалютнае разуменне, што нашыя НПЗ не такія багатыя і не такія звышпрыбытковыя, каб можна было раздаваць падарункі і пераплачваць», – адзначыў ён, дадаўшы, што гэтая тэма працягвае абмяркоўвацца.

Паводле Сямашкі, Беларусь не мае права страціць нават адзін цэнт на кожнай тоне перапрацованай нафты.

Але ўжо 21 кастрычніка намеснік міністра транспарту Расеі Віктар Алерскі заявіў журналістам, што транспартаванне часткі нафтапрадуктаў з Беларусі праз расейскія парты пачнецца ўжо сёлета. Праўда, чыноўнік не ўдакладніў пра якія аб’емы нафтапрадуктаў ідзе гаворка. Паводле Алерскага, расейскія цэны на транспартаванне з улікам зніжак супастаўныя з балтыйскімі.

Ці значыць заява Алерскага, што Менск пагадзіўся з патрабаваннямі Масквы і пачаў адмаўляцца ад балтыйскага напрамку?

«Паскардзіліся Пуціну»

Эксперт у нафтагазавай галіне Таццяна Манёнак ў размове з belsat.eu адзначае, што Менск ніколі не выключаў магчымасці выкарыстання расейскай інфраструктуры, але толькі ў выпадку эканамічнай мэтазгоднасці гэтага кроку. Але нават тыя істотныя зніжкі, якія абяцае расейскі бок Беларусі не робяць расейскую інфраструктуру больш прывабнай за балтыйскую.

«Алерскі кажа, што расейскія лагістыка цалкам можа канкураваць з балтыйскай. Так, расейская чыгунка стараецца рабіць тарыфы канкурэнтаздольнымі, але адлегласць расейскіх партоў ад беларускіх НПЗ усё роўна значна вышэйшая за адлегласць балтыйскіх партоў. Ад «Нафтана» да рыжскага парта – 400 км, а да расейскай Усць-Лугі – усе 800», – канстатуе Манёнак.

Эксперт адзначае, што ў такім выглядзе прапанова Масквы выглядае абсалютна неабгрунтаванай. Тым больш, што не ўсё ў дадзеным выпадку залежыць ад Менску – выстаўляючы на продаж свае нафтапрадукты «Беларуская нафтавая кампанія» прапаноўвае пакупнікам і маршруты транспартавання на выбар, у тым ліку і расейскі. Але расейскі маршрут ніхто не выбірае – больш выгадныя для пакупнікоў парты краінаў Балтыі.

Таму Манёнак сумняецца, што Беларусь можа адмовіцца ад вельмі выгаднага балтыйскага лагістычнага калідора.

«Хаця не выключана, што з улікам той зніжкі, якую абяцаў расейскі бок, нейкая эксперыментальная партыя будзе транспартаваная ў Усць-Лугу», – дадае эксперт.

Паводле Таццяны Манёнак у выкарыстанні Беларуссю расейскага напрамку вельмі зацікаўлены расейскія кампаніі.

«Вядома ў расейская чыгунка, і расейскія парты зацікаўлены ў тым, каб працаваць з найбольш ліквіднымі грузамі – нафтапрадуктамі. Беларускі бок не пайшоў ім насустрач, таму яны паскардзіліся Пуціну, разлічваючы, што той праз адміністратыўныя рычагі будзе ўздзейнічаць на беларусаў. Але пакуль гэта не атрымліваецца. Я думаю, што калі гэта не будзе эканамічна мэтазгоднай, то беларускі бок не стане пераарыентоўваць свае патокі на Расею», – кажа яна.

Расейскія эксперты таксама сумняюцца, што Менск удасца прымусіць цалкам адмовіцца ад прыбалтыйскага калідору.

«Беларусы не гатовыя на поўную адмову ад транзіту праз Прыбалтыку, але ўдасца скараціць яго і раскласці яйкі ў розныя кошыкі. Ім таксама не патрэбен чарговы энергетычны канфлікт з Расеяй, але яны хочуць выгадных умоў. Цалкам асушыць прыбалтыйскія парты нават у сярэднетэрміновай перспектыве Расеі не атрымаецца», – адзначыў аналітык Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспецы Ігар Юшкоў у каментары для «Евразия.Эксперт».

Сябры Пуціна, сябры Лукашэнкі

Трэба адзначыць, што найбуйнейшы нафтапрадуктовы тэрмінал у порце Усць-Луга кантралюе кампанія «Усць-Луга ойл», якую звязваюць з Генадзем Цімчанка – мільярдэрам і сябрам Пуціна. Да лета 2015 года кампанія належала Gunvor Group, адным з сузаснавальнікаў быў як раз Цімчанка. Але ў сувязі з расейскай агрэсіяй супраць Украіны сябра Пуціна трапіў пад санкцыі ЗША праз што быў вымушаны выйсці са складу акцыянераў Gunvor. Gunvor у сваю чаргу прадаў 74% акцыяў «Усць-Луга ойл» расейскаму алігарху Андрэю Бакарову. Астатнія 26% належаць кіпрскай кампаніі Capefar Limited, уладальнікі якой у адкрытых крыніцах не фігуруюць.

Пуцін і Цімчанка. Фота – Аляксей Дружынін/ТАСС

Заяву намесніка міністра транспарту РФ Віктара Алерскага пра транспартаванне нафтапрадуктаў праз Расею беларускі бок пакуль ніяк не пракаментаваў. Між тым, «Беларуская нафтавая кампанія» праводзіць 26 кастрычніка конкурс па рэалізацыі нафтапрадуктаў, дзе фігуруе ў тым ліку расейскі порт Усць-Луга. Тэрмін пастаўкі – лістапад 2017 г. – сакавіка 2018 г. Перавалка можа ажыццяўляцца праз тэрмінал «Портэнерга» – ягоная магутнасць значна слабейшая за «Усць-Луга ойл» і выкарыстоўваецца ён толькі для перавалцы светлых нафтапрадуктаў і звадкаванага газу.

Тэрмінал належыць кампаніі «Сібур-Портэнерга», 51% акцыяў якой валодае фонд з ААЭ Mubadala. Старшынёй рады дырэктараў Mubadala з’яўляецца шэйх Мухамед бін Зайд аль-Нахаян, наследны прынц Абу-Дабі і намеснік вярхоўнага галоўнакамандуючага ўзброеных сілаў ААЭ, які знаходзіцца ў добрых стасунках з сямʼёй Аляксандра Лукашэнкі, адзначае TUT.by.

 

Ігар Ільяш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары