Жыхары раёну Забалаць ужо два гады чакаюць, пакуль гарадскія ўлады пабудуюць гравійныя дарогі.
Каб дабрацца да хаты мясцовыя жыхары пакідаюць машыну каля трасы, апранаюць гумовыя боты, бяруць драўляную дошку і па ёй прабіраюцца цераз «багна».
Пры вільготным надвор’і ў новапабудаванай Забалаці пачынаецца вялікае забалочванне. Самы модны, а галоўнае практычны абутак на раёне – высокія гумовыя боты, якія з беларускім надвор’ем можна насіць тут круглы год. Мікрараён яшчэ будуецца, аднак будаўнічая тэхніка, калі замест дарогі – гразь, фізічна не можа праехаць. У Забалаці -1 ужо засялілася каля дваццаці скм’яў, аднак жыць тут не магчыма, – скардзяцца жыхары.
«Мінулымі зімамі сітуацыя была крыху лепшай, бо надвор’е было лепшым. Дарога замярзала. І ў прынцыпе можна было праехаць, але цяпер, бачыце, які бруд. Прыходзіцца пакідаць машыну на трасе каля могілак і з дзецьмі на руках ісці на свой участак. І так кожны дзень метраў 500 туды-сюды па балоце. Абяцалі яшчэ ў 2016-ым годзе на сходзе, што зробяць дарогі. Два гады мінула і ніводнай не зрабілі. Хоць першае засяленне тры гады таму адбылося і вось у такіх умовах людзі жывуць», – скардзіцца Юлія, мясцовая жыхарка.
5-га студзеня незадаволеныя жыхары сустрэліся з гарадскімі ўладамі. Каля 40 чалавек падымалі набалелае пытанне:
– У нас няма ўвогуле як пад’ехаць да свайго дому.
– Мы летам плануем засяліцца. Маё дзіця хварэе. Кожны дзень ёсць рызыка, што яму спатрэбіцца хуткая дапамога. Дык як хуткая дапамога сюды заедзе? Мне трэба хапаць дзіця і бегчы на трасу?
– Мы спрабуем пабудавацца як мага хутчэй, але тут нават будаўнічыя машыны не праедуць. Куды нам, у падвал ісці жыць? Тэхніка не можа праехаць, у нас няма каналізацыі. Паўсюль запраектаваныя выграбы. На вуліцы Белай ніводная машына, якая адкачвае каналізацыю, не праедзе. Як жыць? Мы знаходзімся ў другой ахоўнай зоне водазабору. Гэта жудаснае парушэнне санітарных нормаў! Як нам быць? Жыць тут нельга.
Адзін з жыхароў Забалаці-1, Андрэй Фралоў раздрукаваў і прынёс на сустрэчу ўказ кіраўніка Беларусі № 72, згодна з якім мінімальныя інжынерныя і транспартныя камунікацыі павінны быць праведзеныя перад будаўніцтвам жылых дамоў.
«У нашым мікрараёне існуе няма транспартнай інфраструктуры. Тут пачалі ўжо засяляцца маладыя сем’і з дзецьмі і з вазочкамі тут пагуляць вельмі складана. Я ўжо не кажу, што праехаць сюды, завезці дзяцей у садок, адвезці ў школу, гэта вялікая праблема для жыхароў. На маю думку, тут парушаецца Указ 72 А.Р.Лукашэнкі, згодна з якім улады павінны былі правесці мінімальныя інжынерныя і транспартныя камунікацыі і стварыць хоць нейкія сацыяльныя ўмовы. 6 гадоў мінула ад пачатку будаўніцтва. Мы пісалі калектыўны ліст, высылалі ў гарвыканкам і як заўсёды прыходзяць адпіскі, што «няма грошай». На маю думку, нехта хлусіць. Аляксандр Рыгоравіч кажа, што грошы ёсць, а аказваецца грошай няма», – лічыць Андрэй Фралоў.
На сустрэчу з мясцовымі жыхарамі прыбыў намеснік старшыні гарвыканкаму ў Горадні Гецэвіч Казімір Іванавіч, які адказаў, што ў гэтым годзе магчыма пабудаваць толькі адну, цэнтральную гравійную дарогу ў Забалаці.
«Ваш пасёлак ведаю, будавалі. Сеткі гатовыя, акрамя каналізацыі. Самая вялікая праблема, як і ва ўсіх пасёлках, гэта канешне праезды і пад’езды да дамоў. У гэтым годзе мы робім два праезды, на якія накіравалі грошы. У гравійным выкананні, бо на асфальтаванне грошай не даюць. І, як сказалі ў Савеце Міністраў, не будзе пакуль асфальту, пакуль, хіба што, лепш жыць не станем. Колькі ёсць грошай у бюджэце, столькі і зробім, а грошай не хапае. Тое, што ўказ трэба выконваць, гэта зразумела. Але, калі грошай няма, то ніяк. Цяпер мы павінны вырашыць, дарогу на якой вуліцы зробім у гэтым годзе, або не зможам зрабіць ніякай. Будзем уключаць у план гэтага года і фінансаваць», – тлумачыць Казімір Іванавіч Гецэвіч.
Незадаволеныя жыхары Забалаці, усё ж такі спадзяюцца што кіраўніцтва, знойдзе фінансаванне, каб дапамагчы.
– Застаецца толькі чакаць, пакуль надыдуць халады і дарогі падмерзнуць. Выратаваць можа толькі зіма, – кажуць жыхары.
Паўліна Валіш, belsat.eu