«Царьград ТВ»: 62 % малых гарадоў Расеі жыве без каналізацыі, у 40 % – няма водазабеспячэння


Гэтыя лічбы былі агучаныя падчас Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму, паведамляе расейскае прыватнае тэлебачанне «Царьград ТВ».

«Царьград ТВ» выступае з антызаходніх, кансерватыўных і манархічных пазіцыяў, інфармацыйна падтрымлівае прарасейскіх сепаратыстаў на Данбасе.

У матэрыяле «Царьград ТВ» распавядаецца пра адкрыццё эканамічнай зоны прамыслова-вытворчага тыпу «Алабуга» у Татарстане. Рэзідэнты эканамічнай зоны атрымалі шэраг падатковых і мытных прэферэнцыяў.

Але, на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме (ПМЭФ) высветлілася, што «у Алабузе ёсць не ўсё, што неабходна інвестарам» – у 62 % малых гарадоў Расеі няма цэнтральнай каналізацыі, у 40 % – няма водазабеспячэння.

«Востра стаіць пытанне прыбіральняў, якое просяць развязаць інвестараў. У тым ліку замежных», піша business.tsargrad.tv.

«Мы можам казаць пра любыя магчымасці, пра развіццё нацыянальнай ідэнтычнасці, пра турыстычны патэнцыял, але, калі, прабачце, у нас няма гаршка і вады, то ў нас з турызмам і з усім астатнім будуць праблемы», – кажа дырэктар асацыяцыі водазабеспячэння Расеі Алена Даўлатава.

«Туалетный вопрос» у малых гарадах Расеі, у якіх жыве каля 17 млн чалавек, не вырашаецца галоўным чынам праз недастатковую колькасць сродкаў у мясцовых бюджэтах.

Паводле класіфікацыі Міністэрства рэгіянальнага развіцця РФ малымі гарадамі могуць лічыцца гарадскія пасёлкі, а таксама населеныя пункты, дзе жыве не больш за 50 000 чалавек.

ЮВ, belsat.eu

Фота вокладкі – kurjer.info

Стужка навінаў