Тролі Лукашэнкі супраць незалежных медыя


Аб’яднаная Еўропа пакуль толькі разважае пра тое, як змагацца з расейскімі інтэрнэт-тролямі і дэзынфармацыяй.

Украіна ж ужо некалькі гадоў вядзе гэтую барацьбу. Але пра інфармацыйную бяспеку варта задумацца і Беларусі. Гэтак, Менск затрымаў шэраг працаўнікоў адыёзнага расейскага парталу «Regnum» і асцярожна выказаў занепакоенасць з панавання расейскага кантэнту ў медыяпрасторы. Але інфармацыйная палітыка афіцыйнага Менску, мякка кажучы, пакідае жадаць лепшага. Падрабязней – Усевалад Шлыкаў.

Ідзе вайна інфармацыйная. Калі паслухаць прадстаўнікоў беларускіх дзяржаўных установаў, то тыя з мінулага года – пад атакаю.

«Гэта інфармацыйная вайна, якая вядзецца супраць Міністэрства ўнутраных справаў», – гэтак характарызаваў летась ледзь не любую крытыку на адрас праваахоўнікаў міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч, а сёлета і суседняе міністэрства – абароны – заявіла пра атаку – хвалю крытыкі за смерці беларускіх жаўнераў у мірны час. Паводле дырэктара Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў Арсена Сівіцкага, чыноўніцкі падыход даўно састарэў:

«Яны такім падыходам па сутнасці ствараюць канфлікт унутры беларускага грамадства, чаго трэба, натуральна, пазбягаць, бо мы бачым, да чаго гэта прывяло ва Украіне».

Крэмль выдатна паказаў, што ў стане выкарыстаць і раздзьмуць унутраны грамадскі канфлікт. Як вынікае з апублікаванага днямі маніторынгу леташняй сітуацыі ў беларускай медыяпрасторы, праведзенага арганізацыяй «Freedom House», не з тымі ваююць у айчынных міністэрствах. Паводле ж сабраных ужо сёлета звестак, беларусы больш давяраюць расейскім СМІ, чымся ўласным.

Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі акрэслівае, хто трапляе пад уздзеянне расейскай прапаганды:

«У рэгіёнах, дзе ў людзей невысокія прыбыткі, дзе дрэнны доступ да інтэрнэту, працуюць такія прапановы, як «Триколор ТВ», іншыя расейскія спадарожнікавыя тэлебачанні, якія танна прапануюць доступ да спадарожніка за вельмі-вельмі маленькія грошы».

Паводле даследавання НІСЭПД праведзенага ў 2015 г.

Паводле апошніх апытанняў, прыкладна траціна беларусаў падтрымлівае ідэю так званага «русского мира». Больш за 40 % не палічылі пытанне істотным, і толькі 15 % выказаліся негатыўна. Рэшта не мела меркавання. І здавалася б, разуменне праблемы ёсць.

Ігар Бузоўскі, былы намеснік старшыні Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі ў леташнім траўні казаў:

«Кантэнт Расейскай Федэрацыі ў беларускіх СМІ складае ўжо на сёння – і гэта нас не павінна не насцярожваць з гледзішча культуры і нацыянальнае бяспекі – даходзіць да 65 %».

І што гэта за кантэнт? Расейскія ток-шоу рэгулярна задаюцца пытаннем у стылі – ці не здрадзіць Лукашэнка Крамлю, як тое нібыта адбылося ва Украіне? «Вам по душе независимая Белоруссия? Отвечайте «да», «нет». Прычым самая Масква надзвычай нервова рэагуе на любыя спробы Менску весці самастойную інфармацыйную палітыку.

«Рэзкіх разваротаў у інфармацыйнай палітыцы чакаць не трэба, прынамсі да таго часу, пакуль гэты латэнтны канфлікт паміж Беларуссю і Расеяй не зробіцца яўным», – працягвае Арсен Сівіцкі.

Сапраўды, змагацца з дэзынфармацыяй і прапагандай найпрасцей, калі ідзе змаганне рэальнае. Украіна забараніла доступ да расейскіх сацсетак, абмежавала эфір крамлёўскіх каналаў, не прапускае на сваю тэрыторыю журналістаў-прапагандыстаў. Але тыя прыстасоўваюцца.

«Мы адзначаем, што ідзе перагрупаванне пэўных рэсурсаў, скажам, праз тое, каб працаваць з украінскімі медыямі, якія, магчыма, маюць слабасць да нейкіх расейскіх крыніцаў фінансавання, але нашмат больш у нас стойкасці супраць гэтага, у нас ва Украіне», – заўважае старшыня Рады вонкавай палітыкі «Українська призма» Генадзь Максак.

А што ж робіць Беларусь? Паводле справаздачы «Freedom House», у СМІ супраць Крамля не выказваюцца практычна ніколі. Затое ў сеціве пазіцыю афіцыйнага Менску бароняць відавочна арганізаваныя групы інтэрнэт-троляў.

«Сапраўды, ёсць групы, якія можна заўважыць, памацаць. Не факт, што гэта людзі, якія працуюць на заробку, гэта могуць быць людзі з такім перакананнямі ці гэта могуць быць супрацоўнікі пэўных спецслужбаў, супрацоўнікі БРСМ ці іншых падобных арганізацыяў», – кажа Паўлюк Быкоўскі.

Іншая справа – чым займаюцца гэтыя групы? Перадусім працуюць супраць незалежных беларускіх медыяў – кажа даследаванне. Акрамя гэтага інфармацыйная палітыка ў Беларусі на афіцыйным узроўні практычна не існуе. Дый незалежных цэнтраў аналізу медыйнай прасторы таксама не бачна. Але не толькі ў Менску няма ўяўлення, як змагацца з расейскім інфармацыйным прадуктам – гэта праблема хіба ўсіх нашых еўрапейскіх суседзяў.

«Нават пасля ўсіх гэтых гадоў, пасля таго як пра праблему дэзынфармацыі і фэйкавых навінаў кажуць усе, мы ўсцяж не гатовыя сказаць, што ж гэта значыць – змагацца з прапагандай? Так, мы зняпраўджваем пэўныя заявы расейскага МЗС, але гэтага недастаткова. Бо на адну такую хлусню трэба ў дзесяць разоў больш праўды», – адзначае медыяэксперт з Латвіі Яніс Поліс.

Але абʼектыўная інфармацыя азначае магчымасць свабоднае працы для незалежных СМІ. Уласна апошнія, на меркаванне адмыслоўцаў, ёсць ці не адзінай надзеяй Менску ў інфармацыйнай вайне, пакуль афіцыйныя медыі баяцца справакаваць канфлікт. Іншая рэч, што для ўладаў Беларусі незалежныя СМІ, як паказвае практыка, вораг ці не страшнейшы за расейскую прапаганду, да якой за гады хаўрусніцкіх дачыненняў паспелі неяк прызвычаіцца.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» 17 лістапада.

Іншыя тэмы выдання:

  • Каталуння, Вялікая Брытанія, Польшча, Балканы. Мэта Расеі – зламаць Еўропу
  • Украінскі эксперт: «Калі распяты хлопчык зʼявіцца ў Беларусі – беларусы перастануць верыць расейскім медыям»
  • Алесь Лагвінец: «Швецыя рэгулярна ўздымае тэму правоў чалавека ў Беларусі»
  • Ці Макрон зачыніць дзверы перад беларускімі гастарбайтэрамі?
  • Еўропа стварае ўласнае войска. Бацькі праекту – Уладзімір Пуцін і ️Доналд Трамп.
Стужка навінаў