«Бегаў за мной па двары. Кажа, маўляў, давай памахаемся». Вясковец распавёў, як яго збіў участковы

video

У нядзельны вечар 9 ліпеня да 52-гадовага санітара псіханеўралагічнага інтэрнату Уладзіміра Кішкурны з гарадскога пасёлку Плешчаніцы (Лагойскі раён) завітаў участковы Сяргей Камісарчык. Візіт прадстаўніка ўлады скончыўся пагрозамі, збіццём і затрыманнем.

Участковы прыехаў на ровары і хацеў, каб сын гаспадара хаты падпісаў «голы пратакол» – гэта значыць, пусты бланк пратаколу, у які міліцыянт пазней мог бы ўпісаць якое-кольвек правапарушэнне, распавядае Уладзімір Кішкурна.

«Я кажу: «Андрэй, не падпісвай голы пратакол», а ўчастковаму: «Прыедзеш у панядзелак з аформленым пратаколам, тады ён падпіша». Ён мне: «А хто ты такі?!» Я адказаў, што гаспадар гэтага дому, на што ён мне два разы ўдарыў мяне кулаком у грудзі і раз у сківіцу. Ён выбіў мне ніжнія пярэднія зубы», – апісвае тое, што здарылася пазней спадар Уладзімір.

У вечар сустрэчы з сілавікамі ён быў цвярозы – алкаголю мужчына не спажывае.

Уладзімір Кішкурна кажа, што сутыкнуўшыся з агрэсіўнымі паводзінамі прадстаўніка ўлады, патэлефанаваў у міліцыю. У сваю чаргу Сяргей Камісарычк не сунімаўся, адзначае мужчына:

«Бегаў за мной па двары, спрабаваў апрануць на мяне кайданкі. Кажа, маўляў, давай памахаемся. Я адказваю, што не буду «махацца», бо ён у мундзіры, у пагонах, правакуе мяне. Гэта ўсё бачаць жонка, сын, суседзі. Ён не дагнаў мяне, і таксама патэлефанаваў і сказаў: «Прыязджайце, хлопцы, будзем грузіць аленя». Я ў шоку выскачыў на вуліцу і клікаў дапамогу. У мяне схапіла ад расстройства сэрца, прыехала хуткая, якая мне аказала дапамогу».

Пазней прыехалі два экіпажы міліцыі, якія затрымалі жыхара Плешчаніц.

«Яны падскочылі, узялі мяне за рукі, гэты – дручком сціснуў мне горла, і закінулі мяне ў службовае аўта. У мяне быў мабільны, я набраў у МНС і патлумачыў ім сітуацыю, што ўчастковы мяне збівае. Яны кажуць: «Добра, мы зразумелі». Тэлефанаваў і ў хуткую, бо разумеў, што ад міліцыі няма дапамогі. Яны зрэагавалі, патэлефанавалі начальніку крымінальнага вышуку, падпалкоўніку, які пачаў разбірацца», – працягвае свой аповед Уладзімір Кішкурна.

Паводле яго, збіццё з боку ўчастковага Камісарчыка працягнулася і ў апорным пункце, куды даставілі затрыманага. Спадар Уладзімір кажа, што «адключыўся» пасля атрыманага ў скронь ўдару. Выратаваў ад далейшага збіцця начальнік крымінальнага вышуку, які неўзабаве прыехаў у апорны пункт.

Уладзімір Кішкурна агучвае сваю версію таго, чаму ўчастковы прыехаў да ягонага сына з дзіўным «голым пратаколам»:

«У мяне 3-гадовы ўнук і 7-гадовая ўнучка. Унукі ў мяне жывуць, бо нявестка звязалася з гэтым Камісарчыкам, мае з ім блізкія адносіны. Яе пры гэтым пазбаўляюць бацькоўскіх правоў».

Мужчына прызнаецца, што сын ягоны выпівае і не працуе, але ўпэўнівае, што сын не збіваў сваю былую жонку, як яна казала інспектару Сяргею Камісарчыку.

Belsat.eu спрабаваў узяць каментар у ўчастковага – беспасярэдняга ўдзельніка канфліктнай сітуацыі, але ў працоўны час праз працоўныя нумары ён не быў дасяжны.

Следчы камітэт прыняў заяву Уладзімір Кішкурны з апісаннем паводзінаў участковага і cкіраваў мужчыну на судмедэкспертызу. Вядзецца разбіральніцтва.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары