Тэнісістка Вера Лапко: беларуская мова неактуальная, і ўмешвацца ў справы краіны я не буду


Напрыканцы студзеня 17-гадовая беларуска Вера Лапко выйграла прэстыжны юніёрскі тэнісны турнір Australian Open. Журналіст belsat.eu Яўген Балінскі пагутарыў з Верай і даведаўся, чым яна любіць займацца ў вольны час, што зробіць са сваім першым мільёнам долараў і ці падабаюцца ёй параўнанні з Вікторыяй Азаранкай.

«На дадзены момант у мяне ўзнікаюць цяжкасці з фінансамі»

– Табе б хацелася быць супервядомаю?

– Ну, вядома, гэта крута. Па-першае, калі ты вядомы, значыць, ты добра гуляеш. У цябе адкрываюцца новыя магчымасці, ты можаш даваць людзям нейкія парады, ствараць нешта сваё, той жа бізнес. Кучу ўсяго табе дае вядомасць – гэта проста як шанец. Але ва ўсім.

– Калі б у цябе апынуўся мільён долараў, што б ты зрабіла?

– Калі б ён у мяне быў, то на дадзены момант я б пакінула яго на турніры. На ўвесь мой падрыхтоўчы працэс, на паездкі.

– Ты злавіла залатую рыбку. Якія тры жаданні ты б хацела, каб яна выканала?

– Першае – я б хацела неабмежаванае фінансаванне ў плане турніраў, каб я мела ўсё, што неабходна, таму што на дадзены момант у мяне ўзнікаюць цяжкасці з фінансамі. Другое і трэцяе – мае асабістыя жаданні, я не магу іх агучыць, асноўнае ж я сказала – гэта тэніс.

– Да 8 сакавіка я рыхтаваў табе пытанне: як ты думаеш, якая галоўная якасць для жанчыны?

– Асабіста для мяне гэта мазгі – яны ніколі не перашкодзяць. Калі жанчына разумная – гэта ёй у плюс. Часам у мінус мужчына, вядома (смяецца). Але розум – гэта вельмі вялікі плюс. На сваім вопыце, на вопыце сваіх сяброў я ведаю, што разумных жанчын не так шмат.

– Апішы свой ідэальны дзень.

– А 6:00 раніцы падʼём. А 7:00 я іду на заняткі па кіраванні аўтам – цяпер мне гэта вельмі падабаецца. А 9:00 я прыходжу на трэніроўку, размінаюся, а 10:00 яна пачынаецца – і да 12:00. А 13:00 я пачынаю займацца фізічнай падрыхтоўкай. Затым абед, невялікі адпачынак і а 16:30 – другое трэнаванне. Потым я еду дамоў, вячэраю і кладуся спаць.

– Ты штосьці чула пра вольны час? Бывае?

– Я люблю гуляць з сябрамі, хадзіць у кіно – без розніцы нават, які фільм – галоўнае, з сябрамі. Вельмі люблю сушы – гэта адзінае, што мне можна са «смачнай» ежы. З кнігамі і серыяламі ў мяне такая сітуацыя, што магу пачаць чытаць і глядзець адразу 3-4, затым ідзе пад настрой: калі сумнае – гляджу нешта сумнае, потым мне весела – нейкі камедыі пару серый пагляджу. З кнігамі тое ж самае. Музыку люблю розную, у мяне няма нейкага любімага стылю.

За перамогу на самым прэстыжным тэнісным турніры даюць ручнікі

– Раскажы, калі ласка, крыху пра сваю сямʼю, дзе ты нарадзілася?

– Я нарадзілася ў Менску, у звычайнай сямʼі: тата працаваў намеснікам дырэктара ў будаўнічай кампаніі, мама – інжынерам-тэхнолагам на МАЗе. Тата пяць гадоў таму памёр.

– Як пачаўся твой шлях у тэнісе?

– Самым першым, чым я пачала займацца, было фігурнае катанне. Потым мама аддала мяне на тэніс. Адначасова займалася плаваннем, нават удзельнічала ў нейкіх спаборніцтвах. Потым застаўся толькі тэніс.

– Вядома ж мы віншуем цябе з перамогай на Australian Open – гэта вельмі стромкае дасягненне. Ты можаш апісаць тыя свае эмоцыі?

– Лёгкасць, спусташэнне. Эмоцый як такіх, нейкіх вельмі радасных не было. Пасля самага апошняга мяча была палёгка, як быццам камень з душы зваліўся – тое, чаго ты больш за ўсё хацеў, зроблена. Палёгка, што зрабіў сваю справу.

– Наколькі гэта было складана?

– Самае цяжкае – псіхалагічна перамагчы. У прынцыпе, па фізічных дадзеных я нікому не саступала, была нядрэнна падрыхтаваная (хоць і не так добра, як я на дадзены момант). Але я выціснула максімум з тагачаснай сваёй фізічнай кандыцыі, а астатняе ўжо было справаю маральнага складніку.

– Што табе далі за перамогу?

– Кубак, кенгурушку і чатыры ручнікі з маім імем. А, яшчэ кветкі.

– Зразумела, Аўстралія, Францыя, Канада, усё класна. А калі б гэта былі Смаленск ці Жытомір – табе б таксама хацелася займацца тэнісам?

– Заўсёды, калі ты пачынаеш, у цябе Бабруйск, Барысаў, Віцебск, і на нейкім узроўні гэта нармальна, гэта крута для цябе. Потым твой узровень расце – і зʼяўляюцца Украіна з Расеяй. Затым ужо і далей – гледзячы, да якога ўзроўню ты сябе адносіш і чаго хочаш дамагчыся.

– Табе падабаюцца працяглыя паездкі, пералёты?

– Пералёты – не, а паездкі – так. Ад доўгіх паездак я атрымліваю задавальненне, але ў канцы я пачынаю сумаваць па доме, і яны мне ўжо не так падабаюцца (смяецца). Усё залежыць ад таго, сумуеш ты па доме ці не.

– А што табе больш за ўсё падабаецца ў такіх паездках?

– Вядома ж, матчы! Калі ты гуляеш, гуляеш на рахунак – гэта самае крутое. Ну, яшчэ шопінг (усміхаецца).

«Маё жыццё не залежыць ад таго, што адбываецца ва Ўкраіне, Расіі і Беларусі – я будую яго сама»

– Нядаўна ў Нямеччыне быў скандал: узыходзячая зорка футбола, якая гуляла на той момант ужо на высокім узроўні, не скончыла школу. Усе доўга спрачаліся, правільна гэта ці не. Што ты пра гэта думаеш?

– Наколькі я ведаю, у Нямеччыне вельмі строга з вучобай. Калі я гуляла турніры для 14-16-гадовых, дзяўчынкі-немкі, якія не былі вядомымі, але даходзілі ў сябе да паўфіналаў і фіналаў, не маглі ездзіць на турніры з-за строгасці з вучобай. І разам з тым, Германія не пакутуе ад таго, што ў іх няма гульцоў. У немцаў, я заўсёды ведаю, што падрыхтоўка будзе добрая, а ў нас, калі ты не прапускаеш школу, пад цябе не могуць падстроіць час трэнаванняў.

Зараз пад мяне ўжо могуць падстроіць нейкі час, таму што я выйшла на нейкі ўзровень, але да гэтага, калі ты прабіваешся – гэта вельмі складана. Таму альбо свабоднае наведванне школы з класу дзявятага, альбо – выбіраць. Дзевяць з паловай класаў я адвучылася сумленна, усе адзнакі зарабляла сама. Потым стала вельмі цяжка, і я выбрала тэніс. Часам мама забірае нейкія заданні, я па магчымасці іх раблю. Але праблем з вучобаю ў мяне няма – настаўнікі да мяне вельмі добра ставяцца, бачаць, што я здольная дзяўчынка, што я раблю ўсё, што магу.

– Якім павінен быць хлопец, каб табе спадабацца?

– Такім, каб мяне зачапіць. Не ведаю, мне падабаюцца прыдуркі, і трэба быць такім, каб мне спадабацца, таму што я і сама няпростая асоба (усміхаецца). Трэба быць цікавым, каб разумелі і падзялялі маю любоў да тэнісу. Неабавязкова яго любіць – проста прымаць гэта.

– Ты становішся вядомай, і чым больш ты будзеш перамагаць, тым больш у цябе будзе сяброў-прыліпаў. Што ты пра гэта думаеш?

– Я проста магу іх адрозніць – гэта мой галоўны плюс. І я магу выразна даць зразумець чалавеку, што, прабач, але я не думаю, што нам трэба з табой мець зносіны. Так што з гэтым, я думаю, праблем не будзе.

– Непазбежныя гэтыя параўнанні цябе і Азаранкі. Як ты да гэтага ставішся?

– Вельмі спакойна – я проста ведаю, што так будзе, і не звяртаю на гэта ўвагі. Людзям жа трэба пра нешта казаць. А я проста працую ды трэнуюся.

– Ты ўжо дарослая дзяўчынка, задам табе два «дарослых» пытання. Чаму ты размаўляеш па-руску, а не па-беларуску?

– Насамрэч мне падабаецца беларуская мова – да шостага класа я ўсе заданні выконвала, мне так падабалася, літаратура, вершы, я вельмі добра пісала сачыненні. А потым у адзін дзень я зразумела, што ніхто ж не размаўляе па-беларуску ў нас у краіне, што неяк неактуальная гэтая мова. А ўмешвацца ў справы краіны… у мяне ёсць справы больш важныя. Краіна жыве так, як яна жыве, а я падарожнічаю. Няхай гэта вырашаюць тыя людзі, якія праводзяць у Беларусі вялікую частку часу.

– Ты цікавішся палітыкай?

– Я палітыкай пачала цікавіцца гадоў з дзесяці – так, у мяне былі вельмі дзіўныя інтарэсы (смяецца). Але да гадоў шаснаццаці я зразумела, што маё жыццё не залежыць ад таго, што адбываецца ва Украіне, у Расеі, у Беларусі – сваё жыццё я будую сама. Я перастала глядзець тэлевізар і абмяркоўваць навіны. Так, я магу паразважаць на гэтую тэму, у мяне ёсць думкі, але гэта непатрэбныя рэчы, якія не патрэбныя тэнісістам. Спорт і палітыка – гэта як дзве розныя планеты, ну, як яны могуць быць разам?

За дапамогу ў арганізацыі інтэрвʼю belsat.eu дзякуе прэс-службу РГА «Беларуская тэнісная федэрацыя».

Фота tennis.by

Стужка навінаў