Таццяна Караткевіч: «Трэба паважаць пачуцці камуністаў»

photo

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта наведала Горадню. На сустрэчу з гарадзенцамі Таццяна Караткевіч прыехала ў кампаніі палітолага Ігара Лялькова, таксама прадстаўніка кааліцыі «Народны Рэферэндум».

Перад сустрэчай, якая мелася адбыцца ў залі Саюзу Палякаў на Будзёнага ў нядзельны вечар, Таццяна прагулялася па цэнтры гораду, дзе акурат праходзіў Фестываль вулічных мастацтваў.

Сустрэчу Караткевіч пачала з кароткага расповеду пра сябе: магістр псіхалогіі, у палітыку прыйшла 5 год таму, замужам, мае сына, зараз збіраецца стаць прэзідэнтам. Разам з тым Таццяна сама адказала і на найбольш папулярныя пытанні, якія чула падчас папярэдніх сустрэчаў.

На пытанне: «Навошта ісці, калі ўсё і так вядома?» Таццяна адказала, што не можа заставацца ў баку і абавязаная зрабіць усё, што магчыма. Наступнае папулярнае пытанне: «У чым перамога, калі па адсотках пераможа дзеючы прэзідэнт?» Тут Караткевіч упэўненая, што сапраўднага перамога – гэта народнае падтрыманне, а рэальны адсотак назавуць незалежныя сацыёлагі, а не Ярмошына.

«А Вам не страшна?», – прагучала першае пытанне з залі.

«Не, трэба было раней баяцца. У 2010-м я была даверанай асобай Някляева, тады і атрымала «прывіўку» ад страху», – з усмешкай адказвае Таццяна.

Большасць пытанняў тычыліся сацыяльнай і эканамічнай сферы. Заробкі, працоўныя месцы, пенсійная рэформа, «шокавая тэрапія»… Караткевіч трымалася пазіцыі, неаднаразова агучанай «Народным рэферэндумам»: ніякіх рэзкіх рухаў, толькі мірныя і максімальна лагодныя перамены.

У паводзінах і жэстыкуляцыі Караткевіч абсалютны антыпод папярэдняга кандыдата ад «Гавары Праўду» Уладзіміра Някляева: максімальная стрыманасць, мінімум жэстаў, спакойная рэакцыя на ўсе пытанні, пазбяганне вострых кутоў, частыя ўсмешкі. Стылізаваны значок Victory на лацкане пінжаку, мабыць, адзінае, што іх аб’ядноўвае.

Караткевіч часта прыводзіць прыклады з паездак па рэгіёнах: Мікашэвічы, Пінск, Белаазёрск… Ігар Лялькоў устаўляе рэмаркі толькі час ад часу: калі трэба даць канкрэтыку па адсотках і лічбах.

Усе рэзкія пытанні Таццяна спрабуе абыходзіць. На пытанне пра люстрацыю адказвае, што з усімі трэба весці дыялог і нікога не крыўдзіць, але разам з тым у «новай Беларусі» будзе дзейнічаць справядлівы суд, куды можна будзе падаць пазоў супраць любога грамадзяніна. На пытанне пра дзяржаўную мову адказ падобны: трэба любіць і папулярызаваць родную мову, але двухмоўе на дзяржаўным узроўні неабходна пакінуць.

Прагучала і пытанне пра дэкамунізацыю краіны, зноў актуальнае пасля падзеяў ва Украіне:

Трэба паважаць усе этапы гісторыі, – лічыць Караткевіч, – не трэба нічога выкрэсліваць. Бо ёсць людзі, якія і гэта (камунізм – аўт.) паважаюць, яны маюць свае пачуцці. А перайменаванне вуліцаў – не такая танная справа. Таму ў Менску кампанія «Гавары Праўду» змагалася менавіта за перайменаванне Ўльянаўскай – там дамоў мала. Я жыву на вуліцы імя чырвонаармейца Асаналіева і цешуся, што ведаю, хто гэта такі.

Ужо напрыканцы прагучала пытанне, маўляў, ці пагадзілася б прэтэндэнт на кандыдата ў прэзідэнты Караткевіч заняць месца ў міністэрстве ці ў прэзідэнцкай адміністрацыі ўзамен на зняцце кандыдатуры, калі б атрымала падобную прапанову.

«Пагадзілася б, бо гэта цалкам укладаецца ў ідэю «Народнага рэферэндуму» пра мірныя перамены», – адказала Таццяна.

Усяго на сустрэчы прысутнічала некалькі дзясяткаў гарадзенцаў. Пасля заканчэння дыскусіі каардынатар ініцыятыўнай групы Таццяны па Гарадзеншчыне Зміцер Бандарчук заклікаў прысутных запаўняць заяўкі і далучацца. У 2010-м Бандарчук быў кіраўніком штабу Някляева па Гарадзенскай вобласці.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары