4 кастрычніка прапуцінскія байкеры «Начныя ваўкі» апублікавалі на сваёй старонцы Вконтакте інфармацыю пра гібель 19 верасня сябра іхняга клубу з Гомля 42-гадовага Аляксея Ярашэвіча. Пазней «Наша Ніва» са спасылкай на тэлеграм-канал паведаміла: Ярашэвіч, верагодна, загінуў у Сірыі.
Карэспандэнтка belsat.eu праз сацыяльныя сеткі знайшла знаёмага Ярашэвіча, таксама беларуса Дзмітрыя Нясцюка. Высветлілася, што за тры дні да смерці Аляксея яны сустракаліся ў Падмаскоўі.
«16 верасня быў у сябра на дні народзінаў. Пазнаёміліся з Лёшам, пагутарылі, пілі віскі. Спакойны, упэўнены ў сабе… І вось 19-га яго ўжо не стала. Ад хлопцаў (з клубу «Начныя ваўкі» – belsat.eu) даведаўся – ён загінуў у Сірыі», – распавёў Нясцюк.
У размове з карэспандэнткай, ён дадаў, што Ярашэвіч, мяркуючы па нашыўках на байкерскай вопратцы, меў даволі высокае званне ў «Начных ваўках».
«Хлопцы паехалі на пахаванне. Хаваць будуць на радзіме, у Гомлі. Туды шмат нашых паехала і яны застануцца ў Беларусі цягам бліжэйшых дзён».
Яшчэ адзін сябар Ярашэвіча, таксама «начны воўк» з падмаскоўнага Краснагорску Аляксей Капосаў, сказаў нам па тэлефоне, што цяпер знаходзіцца ў Гомлі.
«Так, Аляксей сапраўды загінуў у Сірыі. Цела яшчэ не даставілі. Дакладнага часу пахавання не ведаю, але не думаю, што журналістам варта там прысутнічаць. Самая вялікая праблема цяпер – гэта тое, што беларускія службы адмаўляюцца прызнаваць пасведчанне аб смерці, выдадзенае ў Сірыі».
Ярашэвіч нарадзіўся ў Гомлі, у байкерскім клубе – з канца 2000-х. Належыў да гомельскіх «Начных вайкоў», але часова быў «прыпісаны» да філіі ў расейскім горадзе Даўгапрудным. Імаверна, апошнім часам жыў у Расеі. У 2012-м праходзіў як пацярпелы па справе аб страляніне ў Зеленаградзе, калі адбылася сутычка паміж «Начнымі ваўкамі» і іншым клубам. У выніку адзін чалавек загінуў, а Ярашэвіч трапіў у рэанімацыю. Пасля выступаў як сведка на судзе ў гэтай справе.
Працаваў у прыватным ахоўным прадпрыемстве «Воўк», падкантрольным байкеру Залдастанаву. Прадпрыемства мае разгалінаваную структуру. Офісы ёсць у Маскве, Варонежы, Казані, Сургуце, а пасля анексіі Крыму – і ў Бахчысараі.
Аляксей Ярашэвіч фігуруе ў расследаванні «Новай газеты», апублікаваным 2 ліпеня 2014 года. Матэрыял тычыўся расейцаў, якія па вяртанні з Крыму атрымалі медалі і падзякі ад Пуціна: хто за баі, хто за прапагандысцкую працу на месцы. У сакрэтным спісе ўзнагароджаных, што патрапіў да журналістаў, Аляксей Ярашэвіч значыцца пад нумарам 160.
Пры такім бэкграўндзе, ёсць падставы лічыць – спрычыніўся Ярашэвіч і да канфлікту на Данбасе. Ягоны сябар Капосаў гэтага не адмаўляе, але і не хоча адкрыта пацвярджаць, спасылаючыся на тое, што яны «рэдка бачыліся».
На пытанне, якім чынам гамельчук патрапіў у Сірыю, Капосаў адказаў:
«Ён там працаваў у будаўнічай кампаніі».
Але што мог будаваць беларус у амаль цалкам зруйнаванай вайной краіне? У тых жа сацыяльных сетках у вочы кідаецца ўспамін аднаго з таварышаў загінулага. На фота профілю Арман Жанайдараў пазіруе у форме з расейским трыкалорам.
«…Ён не раз прыкрываў спіну братам. Жартавалі: «Лёха, у цябе 9 жыццяў». Ён сышоў як ваяр, у баі», – піша Жанайдараў.
Ці была камандзіроўка ў Сірыю першай і апошняй для Ярашэвіча, пакуль невядома. Але пад «будаўнічай кампаніяй», дзе той нібыта працаваў на момант гібелі, можа насамрэч хавацца «ЧВК Вагнера» – групоўка расейскіх наймітаў пад камандваннем афіцэра ГРУ, падпалкоўніка запасу Дзмітрыя Уткіна.
«Вагнераўцы» бралі ўдзел у вайне на Данбасе і штурме Пальміры ў Сірыі. Сярэдні месячны аклад байца гэтай структуры – 250 тысяч расейскіх рублёў (больш за 4 000$). Кампанію фінансуе яе ўплывовы бізнэсовец з блізкага атачэння Пуціна Яўген Прыгожын. Перад адпраўкай на Данбас і ў Сірыю наймітаў трэніруюць на базе спецназу пад Краснадарам. Дакладную колькасць загінулых у Сірыі Мінабароны РФ не называла ў тым ліку таму, што не ўлічвала гэтых «жаўнераў удачы».
Паступова Крэмль пачаў рабіць захады, каб легалізаваць сваіх байцоў за мяжой. У снежні 2016 года Пуцін падпісвае закон «Аб воінскай павіннасці і вайсковай службе», які дазваляе накіроўваць расейскіх вайскоўцаў за мяжу для ўдзелу ў міратворчых і антытэрарыстычных аперацыях на аснове кароткатэрміновага кантракту. А сёлета 8 кастрычніка Пуцін падпісвае ўказ, што надае такія ж магчымасці замежнікам.
Дэ-юрэ грамадзяне Беларусі цяпер могуць уступаць у шэрагі войска РФ і ваяваць у гарачых кропках – расейскі закон, у адрозненне ад беларускага, яны такім чынам не парушаюць.
Чаму байцы «ЧВК Вагнера» сёння могуць легальна прысутнічаць у Сірыі? У чэрвені гэтага года пецярбургскае выданне «Фонтанка» даведалася: паміж Міністэрствам нафты і прыродных рэсурсаў Сірыі і Мінэнэрга РФ была заключаная дамова, паводле якой расейскае ТАА «Еўраполіс» абавязуецца вызваляць ад праціўнікаў Асада нафтавыя і газавыя радовішчы, адбудоўваць іх і ахоўваць. Як высветлілі журналісты тэлеканала РБК, «Еўраполіс» шчыльна звязаны з Прыгожыным, а таксама з «ЧВК Вагнера» і мае ў Сірыі афіцыйна зарэгістраванае прадстаўніцтва.
Магчыма, менавіта праз такую «будаўнічую кампанію» беларус Аляксей Ярашэвіч трапіў на сірыйскую вайну.
***
Belsat.eu паспрабаваў звязацца са сваякамі Аляксея – яны жывуць у Гомлі. Аднак тыя пакуль не гатовыя кантактаваць з прэсай.
Мы працягнем сачыць за лёсам беларусаў, што прымаюць удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі іншых дзяржаў.
Кацярына Андрэева, belsat.eu