Дзясяткі згрувашчаных на вуліцы трактароў іржавеюць пад снежнымі шапкамі. Гэтая карціна на Менскім трактарным заводзе адлюстроўвае стан і іншых сектараў эканомікі.
Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, летась складскія запасы ў Беларусі павялічыліся на трыльён рублёў. А валавы ўнутраны прадукт, нягледзячы на восеньскі рывок на склад, знізіўся, па выніках году, амаль на чатыры адсоткі.
«Сацыяльна эканамічны крызіс стаў магчымы таму, што збанкрутавала сённяшняя мадэль сацыяльна-эканамічнай палітыкі», – зазначае Яраслаў Ярашук, старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.
Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што ў беларускіх праблемах вінаваты эканамічны крызіс, які разгараецца ўва ўсім свеце.
«Сёння ўсім нам няпроста. Войны і раздоры ў свеце вядуць да крызіса ў эканоміцы. У XXI ст. ўсе краіны звязаныя між сабой тысячамі нітак. Беды і няўрадзіцы бліжэйшых і дальніх суседзяў неадкладна бʼюць і па нашай краіне», – мяркуе Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.
Міжнародны валютны фонд, аднак, прагназуе, што, па выніках мiнулага года, практычна ўсе развітыя краіны зазнаюць эканамічны рост. Адзін з найлепшых вынікаў паказваюць Злучаныя Штаты, ажыўленне дзелавой актыўнасці дэманструе Еўразвяз, перадусім – Нямеччына. Наколькі ў рэальнасць сусветнага крызісу вераць звычайныя беларусы, мы спыталі жыхароў Менску.
«Мяркую, што так. І ня толькі эканамічны, але, па-мойму і маральны крызіс. Тое, што адбываецца ў свеце гэта пацвярджае.», –прызнаецца жыхарка Менску.
«Па тэлевізары паказваюць. Паўсюль пра гэта кажуць, у газетах пішуць. Пра крызіс. Пра тое, што паўсюль усё кепска. Ня толькі ў нашай краіне, а ва ўсім свеце», – дадае мужчына.
«Я так думаю, што гэта проста міф. Гэта – проста раздзьмута», – падсумоўвае мінак.
Сярод нашых суседзяў аналагічны спад, як і у Беларусі, паказала эканоміка Расеі. Украіна, без уліку панішчаных вайною тэрыторыяў Данбасу, правалілася крыху больш – на 4.5 %. А вось Літва, паводле ацэнкі Еўрастату, вырасла на 1.7 %, Латвія – на 2.5 %, Польшча – на 3.5 %.
На сусветны крызіс Аляксандр Лукашэнка ўскладаў адказнасць за айчынныя эканамічныя праблемы і летась, і пазалетась, і нават у 2011-ым ды 13-ым гадах – на піку нафтавых коштаў і глабальнага эканамічнага ажыўлення. Сёлета, паводле Міжнароднага валютнага фонду, на фоне паскарэння глабальнага эканамічнага росту, Беларуская эканоміка працягне падзенне.
Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»