Сям’я Парашэнка прыняла выклік дабрачыннага флэшмобу Ice Bucket Challenge


Жонка і малодшыя дзеці украінскга прэзідэнта па чарзе вылілі на сябе вядро ледзяной вады і пералічылі грошы ў падтрымку хворых бакавым аміятрафічным склерозам і на патрэбы валанцёрскай сотні.

Відэа з’явілася на афіцыйным «Youtube»-канале прэзідэнта.

Першая лэдзі, у сваю чаргу, перадала эстафету дырэктару Мастацкага Арсенала Наталлі Забалотнай, тэлевядучай «5 канала» Яне Канатоп і дызайнеру Вікторыі Грэсь.

«Мая сям’я прыняла выклік Ice Bucket Challenge і пералічыла сродкі на патрэбы руху “Валанцёрская сотня”. Далучайцеся. Слава Украіне!» – пракаментаваў відэа Парашэнка ў сваім «Facebook’у».

Нягледзячы на тое, што шматлікія ўдзельнікі Ice Bucket Challenge неаднаразова кідалі «ледзяны выклік» шэрагу прэзідэнтаў, пакуль ніводны лідар, акрамя былога главы Белага Дому Джорджа Буша-малодшага, не здолеў абліцца халоднай вадой перад відэакамерай.

Між іншага, прыняць эстафету Уладзіміру Пуціну прапанаваў актор Він Дызель і рэжысёр Дэвід Лінч.

А школьнік з Беразіно прапанаваў паўдзельнічаць у акцыі Аляксандру Лукашэнку.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары